Сажонка — пасаджаныя дрэвы. Каля дарогі сажонка з ёлачак цямнеіцца.
Сакавік — бярозавы сок. Сакавік — малаку памашнік, ды пасля сакавіка хочацца малака.
Сакатуха, шчабятуха — ласкавы эпітэт да гарэлкі.
Ай, чарачка-сакатуха,
Ня йдзі міма, а йдзі ў бруха.
З кілішэчка цячэць,
Каля сэрца пячэць.
Саладзіны — солад; яшчэ — залагоджванне. Я свайму мужыку саладзін падкіну.
Салатопка — будыніна, дзе тапілі тлушч са здохлай жывёлы. Майго старога хоць на салатопку вядзі, дык толку мала будзіць, худы, як шчука.
Самаволам — без дазволу. Самаволам скасіў дзялянку, і яму штраф далі.
Самаволь — сам сабой. Усе вучні строем пашлі, а наш аболтус самаволь ходзіць.
Самадумка — непаслухмяная, свавольная. Унучка — самадумка гэная, з ей не скамандаваішся, свавольніца гэткая.
Самадум'ю — ні з кім не раіўшыся, на свой розум. Самадум'ю ўсё робіць, як мяне й німа.
Самалюбімы — самалюбівы, прагны да славы. Такі ўжо самалюбімы, баіцца на свой цень наступіць. Ён такі самалюбімы, што сам з сябе пылінкі здзьмухваіць. (Мама заўсёды казала так; у гэтым варыянце больш сэнсу.)
Сарачня — сорак, саракоўка. Яму ўжо ўся сарачня пад ср.ку, а ўсё яшчэ маліцца.
74 👁