Псуйства — марнаванне, псаванне. Адно псуйства паперы, а не пісання.
Псюрыць, перапсюрыць — сцябаць, біць, выцяць. Часцяком яго бацька псюрыў. Як перапсюрыў яго рамянём — шоўкавым стаў.
Пугурак — узгорак, пагорак. На пугурак узбег, а з яго ўсё відаць далёка.
Пуд — упуд, спалох. Усё ка мне вады ад пуду прасіць прыходзіла.
Пузень — чэрава, жывот. І ў Пецькі ад піва пузень вырас.
Пукі — парасць у цыбулі. Маладыя пукі аблупліваюць і ядуць, яны салодкія. Цыбуля пад марозам сядзела, дык яна ў пукі йдзець.
Пулятая — яркая, квяцістая (пра тканіну). Хустка пулятая, сама багатая.
Пурхнуць — абвяць, шашэрыцца, шэжыцца. Мае ж куры крычаць есці, папурхла іхнае крылліка ад жары.
Пусціцца — разрасціся. Ад саду карэнне пусцілася.
Пухліць — біць, лупцаваць. Нікіпар жонку штодня пухліць.
Пуц — пацук. Пацука можна й пуц называць.
Пуцкалаваты — пухлашчокі. І сынок пуцкалаваты — копія таты.
Пушачка — карабочак. У пушачцы ўсё складзена — і ніткі, і йголкі. Хоць пушачку цукерак малому прывёз, адшкадаваў.
Пылькі — кураняты. Пылькі мае, пылюткі, акыш куды, акыш у хлеў. Курэй, куранят клічуць: пы-лі-пы-лі, ціп-ціп-ціп!
84 👁