ТУРАЎШЧЫНА I СЛОЎНІК ЯЕ ГАВОРКІ Кожнае лета на працягу больш дзесяці гадоў група ўдзельнікаў дыялекталагічных экспедыцый Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР адпраўлялася на тры-чатыры тыдні на поўдзень Беларусі ў наваколле старажытнага Турава. Асноўнай задачай гэтай групы было выяўленне i рэгістрацыя лексікі жывой мясцовай мовы. У выніку запісана больш 20 тыс. слоў. На аснове картатэкі сабраных матэрыялаў да гэтых слоў (больш 60 тысяч картак з прыкладамі ўжывання слоў, тлумачэннямі i іншымі звесткамі) падрыхтаван «Тураўскі слоўнік». Гэта збор лексікі мясцовай гаворкі карэнных жыхароў Турава i навакольных вёсак. У першы том слоўніка адабрана i ўключана 3275 слоў на літары А—Г. Стварэнне слоўніка гаворак усходняга (Мазырскага) Палесся было намечана яшчэ ў 50-я гады ў агульнай навуковай праграме сектара дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР (М. В. Бірыла. Да пытання аб тыпе i прынцыпах укладання беларускіх абласных слоўнікаў. Працы Ін-та мовазнаўства АН БССР, вып. V. Мінск, 1958). У 1960 г. былі вызначаны перспектывы лексікаграфічнай працы ў гэтай зоне i распрацаван праспект усходнепалескага дыялектнага слоўніка. Асноўную працу па выяўленню i рэгістрацыі ўсходнепалескай лексікі намечана было праводзіць у апорным мікрараёне зоны, абмежаваным некалькімі населенымі пунктамі. У гэтым умоўным «цэнтры» зоны трэба было правесці ўсебаковае i найбольш кваліфікаванае абследаванне слоўнікавай сістэмы мясцовай гаворкі ў яе сучасным стане i стварыць па магчымасці поўную картатэку выяўленай тут лексікі. На астатняй тэрыторыі ўсходнепалескай дыялектнай зоны вырашана было праводзіць збіранне лексічных матэрыялаў для ўстанаўлення пашыранасці мясцовых слоў, зарэгістраваных у гаворцы апорнага мікрараёна («цэнтра»), у межах
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
60 👁