Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÁА што тут разумець, мілы Аляксей Сцяпанавіч!.. Брат любіць сястру багатую, а муж жонку – здаровую. Спрадвеку так было. Вось і маўчым мы пра свае балячкі. Не скардзімся. Да самай смерці... (М. Матукоўскі. Бездань). Хоча яна [княгіня] любові, хоча пяшчоты, ды вельмі цяжка даецца ўсё гэта, вельмі рэдка. Мала любові адпушчана ёй, бо брат любіць сястру багатую, муж жонку здаровую... Калі ж ты не багатая, не здаровая і не маладая, як жыць табе? (Л. Дайнека. Жалезныя жалуды). * І пайшло ўсё наперакос. Захварэла я, не тут казана, а Ваганавіч мой з другой любошчы закруціў. Праўду кажуць, муж любіць сястру багатую, а жонку здаровую (В. Шырко. Сцяжына да людзей). – Насовіч, с. 8: Брат любіць сястру багатую, а муж жану здаровую; Прыказкі, кн. 2, с. 67: Любіць муж жану здаровую, а брат сястру багатую; Брат любіць сястру багатую, а муж жану здаровую. Брат мой, але хлеб еш свой. Нягледзячы на сяброўскія ці сваяцкія адносіны, кожны найперш дбае пра сябе. – Я – як я... А вось пра вас гаварылі, што вы – дрэнныя сябры. Пакідаеце таварыша ў бядзе. – Кожны за сябе, Лукіч! – Брат – мой, але хлеб еш свой! (Г. Далідовіч. Заходнікі). * Пракаповіч з адказам не паспяшаў. Замуляла ў ім раптам якаясь насцярожанасць да гэтага чалавека. Упарты ён, мусіць, і прамы. З такімі цяжка. Але нічога, сёння я табе Іван, а заўтра Іван Адамавіч. Хоць ты брат мой, але хлеб еш свой (Т. Гарэлікава. Перад усім светам). – Янкоўскі, с. 114: Брат мой, але еш хлеб свой; Прыказкі, кн. 2, с. 141: Ты брат мой, а еш хлеб свой. Брахаць – не цэпам махаць. Брахаць, балбатаць, выдумляць не цяжка. Не вельмі ты слухай суседку маю, Чмычыху. Прыкідваецца яна святой, а брахаць – не цэпам махаць (І. Сяркоў. Мы – хлопцы жывучыя). – Ліцвінка, с. 46: Брахаць – не цэпам махаць: спіна не баліць. Брахня праўдзе вочы выдрала. Гаворыцца з абурэннем як ацэнка чыйго-н. непраўдзівага, хлуслівага ці паклёпнага выказвання. – Распусціліся, распусціліся, ніякага кантролю... Зарплата ў іх малая! Сёння ж будуць зроблены вывады, не сумнявайцеся. – Брахня праўдзе вочы выдрала! – пачуўся голас Лапекі. – А што, трактарыст праў. З такім асуджэннем ніводнага дрэўца не застанецца (А. Кажадуб. Дуб). – Аксамітаў, с. 56: Крыўда праўдзе вочы выкалала
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
11 👁
 ◀  / 696  ▶