Áканя ззаду, а ваўка спераду трэба сцерагчыся. А начальства – з усіх бакоў. Яно заўсёды прычыну знойдзе, каб паказаць, што... яно – начальства і што на яго трэба толькі маліцца... (М. Матукоўскі. Бездань). Новы прэзідэнт даверлівы, як дзіця. Наіўны. І таму небяспечны. Каровы бойся спераду, каня ззаду, а яго з усіх бакоў (А. Макаёнак. Кашмар). – Янкоўскі, с. 246: Бойся быка спераду, каня ззаду, а дурня – з усіх чатырох бакоў. Бойся Усявышняга і не гавары лішняга. Ужываецца як перасцярога не гаварыць нічога лішняга. Андрэй і Янка.. напісалі Райскаму [адказ на яго пісьмо], шмат выказвалі радасці, надзей на шчаслівы канец і накідаліся на нікчэмства ўсяе чыноўніцкай тармасні вакол настаўніцкага сходу. І ўсё ж такі дадалі евангельскія словы, упэўненыя ў тым, што іх пісьмо чыноўніцкіх рук не міне: «Бойся ўсявышняга і не гавары лішняга» (Я. Колас. На ростанях). – Магчыма, склалася пад уплывам біблейскага выказвання: «Не спяшайся языком тваім і словы твае хай будуць нямногія» (Эклезіяст, 5, 1–2). – Янкоўскі, с. 305: Бойся ўсявышняга і не гавары лішняга. Бот лапцю не пара. Хто-н. не раўня каму-н., не падыходзіць па якіх-н. якасцях (багацці, сацыяльным становішчы і пад.). Звычайна пра дзяўчыну і хлопца. Можа, і праўду кажа гаспадар, што бот лапцю не пара, што Гэльцы трэба жаніх не абы з якога роду, каб у яго і зямля была, і добрыя стаеннікі, і дом як дом, і адзежа, адным словам – раўня (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка). Лапаць боту не пара. З ім, казаў ён, гуляць нецікава цяпер: не студэнт ён, не будучы інжынер... – Што ж, – Марына яму, – лапаць боту не пара, гэта праўда (А. Куляшоў. Грозная пушча). Глыбока запала ў душу пачутае на вёсцы, што лапаць боту не пара, і ён [Алесь], усё больш цвярдзеючы і зацінаючыся ў сабе, рабіў быццам знарок, каб яшчэ больш аддаліцца ад Рэні (Я. Лецка. Дарога ў два канцы). Брат любіць сястру багатую, а мужык (муж) жонку здаровую. [Зося:] Проста [жаночая] прырода слабейшая за мужчынскую. А ведаеш сам: брат сястру любіць багатую, а мужык жонку здаровую. І таму здароўе для мяне важней усяго (І. Козел. Над хвалямі Серабранкі). Нікому я, старая ды нямоглая, не трэба. Праўду кажуць: брат любіць сястру багатую, муж жонку здаровую... (Б. Сачанка. Непаваротлівы пухнаты чмель...). [Траян:] Маша ніколі не скардзілася на сэрца. Нічога не разумею... [Ірына Цімафееўна
10 👁