ÁБог (Хрыстос) цярпеў і нам вялеў. Кажуць, часам жартаўліва, таму, хто перажывае цяжкасці або церпіць няўдачы. – Пацерпім. – Во-во – цярпі. Бог цярпеў і нам, дурням, вялеў (В. Быкаў. Праклятая вышыня). Здзіўляла пакорлівасць, з якой Ліда прымала ад мужа маральную і фізічную знявагу. Ліда ніколі не скардзілася, не плакала, не ўпадала ў істэрыку... Да яе поглядаў на жыццё падыходзіць народная прымаўка: «Хрыстос цярпеў і нам вялеў» (Настаўн. газ. 2002, 18 мая). Бог чэсных (шчырых) любіць, ды долі не дае. Чэсны (шчыры) чалавек не заўсёды шчаслівы ў жыцці. [Кацярына:] Значыць, мы коней гэтых украдзём? Так нядобра. [Несцерка:] Э-э, Бог чэсных любіць, ды долі не дае. Не ўкрадзём, а пазычым (У. Бутрамееў. Новыя прыгоды Несцеркі). – Федароўскі, с. 34: Бог шчырага любіць, ды шчасця яму не дае. Бог шчырых любіць, ды долі не дае. Гл. Бог чэсных (шчырых) любіць, ды долі не дае. Бог шэльму меціць. Махляра, падманшчыка заўсёды што-н. выдасць. – А чаму там... на крэсле ў тваім пакоі яе камбінацыя вісіць і панчохі? – ускіпеў Сцяпан. – Ды яны там... тры дні ляжаць. Дачка насіла. Я іх забылася забраць, – памагала Надзя заблытаць ісціну. – Маўчы. Ладна... Усё адно злаўлю. Бог шэльму меціць (Г. Марчук. Сава Дым і яго палюбоўніцы). Гэту капусту да немагчымасці насольвала Камбала, адна нашая гора-суродзічка, нейкая Новік. Камбала таму, што вока адно навыкаце (Бог шэльму меціць) (Л. Геніюш. Споведзь). Лукаш Бэндэ. Руплівец у даносах, паклёпах, ад нараджэння меў прозвішча Бонда. Гэта, як мне чуецца, штосьці кшталту кадкі, бочкі. А захацелася мэтанакіраванага прозвішча – і стаў Бонда Бэндам. Абрэвіятура ад «Бей национал-демократов», карацей, нацдэмаў. І калі я перакладаў Яна Райніса, у слоўніку ўбачыў слова «вende» – у латышскае мовы ў яго адно значэнне «кат». Сапраўды, Бог шэльму меціць (Р. Барадулін. Лукаш Бэндэ). – Прыказкі, кн. 2, с. 377: Бог шэльму меціць; Рабкевіч, с. 28: Бог шэльму меціць. Божыя дарогі неспазнаныя. Гл. Неспавядальныя шляхі гасподнія. Бойся быка спераду, каня ззаду, а дурня – з усіх чатырох бакоў. Праст. Пра неабходнасць быць вельмі абачлівым у адносінах з тупым, неразумным чалавекам. * [Траян:] Вам баяцца няма чаго. Вы святы чалавек. [Ірына Цімафееўна:] Ай, што вы такое кажаце, Аляксей Сцяпанавіч! Гэта
11 👁