Áкруцяля; Прыказкі, кн. 2, с. 160: Бог не цяля, пазнаець круцяля; Бог не цяля, бачыць круцяля. Бог плануе, а чорт руйнуе. Не заўсёды бывае так, як хто-н. мяркуе, хоча, разлічвае. Сін.: Чалавек мяркуе, а бог не чуе; Чалавек страляе, а чорт кулю носіць. Усё ішло як мае быць: неўзабаве і ў рэдактара ўдалося вырваць абяцанне, што першая вакансія – яго... Але, як кажуць, бог плануе, чорт руйнуе. Калі, нарэшце, жаданая вакансія стала рэальнасцю, нечакана ўсплыў канкурэнт – студэнт-пяцікурснік (В. Блакіт. Усмешка фартуны). Бог сіротак любіць, але долі не дае. Кажуць са спагадай пра сірот і іх нешчаслівы лёс. [Кацярына:] Пяцёра дзяцей – сіроты. А бог сіротак любіць, але долі не дае. Самой трэба дбаць! (І. Гурскі. Вецер веку). – Прыказкі, кн. 2, с. 104: Бог сіротаў любіць, але долі не дае. Бог то бог, але і сам не будзь жох. Ужываецца як рэакцыя на слова б о г у папярэднім выказванні і як парада разлічваць не на каго-н., а на свае ўласныя дзеянні. Жох – кепскі чалавек, ашуканец. Сін.: На бога спадзявайся, а сам не давайся. Утаўчэцца ўсё як-небудзь, не ты першы, не ты апошні... Пакуль душа ў целе – на Бога надзея, але ж як кажуць: Бог то Бог, але і сам не будзь жох! (П. Місько. Няпрошаныя слёзы). – Рапановіч, с. 62: Бог то бог, ды і сам не будзь плох. Бог тройцу любіць. Гаворыцца як прапанова зрабіць што-н. трэці раз ці ў апраўданне чаго- або каго-н. трэцяга. Снарад разарваўся далёка ў полі, толькі трохі правей за першы. – Бог любіць тройцу, – цераз сілу ўсміхнуўся Кальтвасер. – Зараджайце яшчэ (Я. Курто. Дарога бяжыць насустрач). Вяселле, як і належыць, імчала па вуліцах на трох парах коней – «бог тройцу любіць», – з вясёлай музыкай, песнямі, гучнымі выкрыкамі падпітых родзічаў маладажонаў (В. Праскураў. Рута-мята). Аня не паступіла ў інстытут і на другое лета... Дамасед-бацька, шафёр лясгаса, супакойваў: «Пракормім. Няхай сядзіць ды рыхтуецца. Бог тройцу любіць. На трэці раз паступіць» (Г. Марчук. Булачка). Лейтэнант засмяяўся, ляпнуў па плячы: «Наш чалавек! Дайце, хлопцы, ім тры аўтаматы і патронаў са свайго загашніка. Бог тройцу любіць» (С. Законнікаў. Сум па «бранкавым коле»). – Ой, няблага! Яшчэ па адной [вып'ем]? – Наперадзе – ноч цэлая. – За агульным сталом так смачна не п'ецца... Бог любіць тройцу. Яшчэ па напарстачку (І. Шамякін. Навагодні жарт). – Насовіч, с. 7: Бог тройцу любіць; Аксамітаў, с. 131: Бог троіцу любіць
Дадатковыя словы
выпем, пецца
12 👁