ÁБез працы не будзеш есці коляцы (калачы). Гаворыцца як павучанне працаваць (у польскай мове: jesc kolacje – вячэраць). Сін.: Хочаш есці калачы, то не сядзі на пячы. Працавітасць у народзе высока ставіцца, бо без працы не будзеш есці коляцы (К. Крапіва. Беларускія прыказкі). – Прыказкі, кн. 1, с. 166: Без працы не будзеш есці коляцы (калачы). Без прыказкі і з лаўкі не зваліцца. Кажуць пра таго, хто часта і ўмела ўжывае прыказкі. Ёсць такія аматары прыказак, якія чуць не кожны свой крок апраўдваюць прыказкаю, чуць не кожны свой выраз аздабляюць ёю. Пра такіх нават і знарочыстая прыказка ўтварылася: «Без прыказкі і з лаўкі не зваліцца» (К. Крапіва. Беларускія прыказкі). – Насовіч, с. 5: Без прыказкі і з лаўкі не зваліцца; Рапановіч, с. 243: Без прыказкі і з печы не зваліцца. Без снасці і вошы не заб'еш. Гл. Без струманту (без снасці) і вошы (гніду) не заб'еш. Без старога каля хаты – як без сабакі. Пра станоўчую ролю старога чалавека ў гаспадарцы. Пузач.. ідзе да дзвярэй. На гэты раз ключ яго ляскае толькі ў дзвярах. А ў вязневай галаве, несучы за сабою далёкую, даўнюю ўсмешку, з'яўляецца прымаўка: «Без старога каля хаты – як без сабакі...» Гэты пільнуе і брэша, відаць, не толькі для хлеба, але ж і для душы (Я. Брыль. Птушкі і гнёзды). – Прыказкі, кн. 2, с. 92: Без старога каля хаты горш, як без сабакі. Без струманту (без снасці) і вошы (гніду) не заб'еш. Без належных прылад ніякай справы не зробіш. Сін.: Без начыння і лапця не спляцеш. «Без струманту і вошы не заб'еш» – вось лозунг баявы за тэхніку мінуўшчыны вашывай! (К. Крапіва. Захара-дырэктар). – Жадаю поспеху вашым партызанам. Так і трэба. Само нічога не прыйдзе. – Мы і не чакаем, таварыш камандзір. Абы было чым, дык мы любому дамо па загрыўку, а без струманту і гніду не заб'еш (С. Грахоўскі. Рудабельская рэспубліка). Калі ён [Паўлюк] выйшаў на свіст з-за куста, на ім мы ўбачылі... вінтоўку-«дзясятачку», наган, за «ласяком» – гранату. – Э, брат, дык ты маніў, што нічога сабе не пакінуў! – Што ж, – загудзеў ён у адказ, – без снасці, браце, і вошы не заб'еш (Я. Брыль. Мой зямляк). – Насовіч, с. 5: Без прыбору і вошы не заб'еш; Прыказкі, кн. 1, с. 149: Без струманту і вошы не заб'еш; Без прылады і вошы не заб'еш і блыхі не паймаеш
Дадатковыя словы
забеш, зяўляецца
14 👁