Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Áваць, затойваць ад чужых, жорсткіх, нахабных і крывадушных вачэй, што без мукі для беларуса няма навукі... (М. Віж. Лабірынт). – Прыказкі, кн. 2, с. 178: Без мукі няма й навукі; Рапановіч, с. 175: Без мукі не набыць навукі. Без мяне мяне жанілі (ажанілі) мяне дома не было. Без ведама ці згоды каго-н. рашылі за яго ці зрабілі што-н. ад яго імя. Калі ты правільна выбраў маршрут свой і маеш план, як дабівацца на ім, – ты сам кум каралю, а то і болей... І нечага тут плакаць: без мяне мяне жанілі, мяне дома не было. А дзе ж ты быў? (А. Кудравец. Сачыненне на вольную тэму). Я не прасіўся на гэты аддзел. Тут, як кажуць, без мяне мяне жанілі. Але я не адбіваўся (І. Шамякін. Губернатар). Вяселле. А Галя ж яшчэ нічога не ведае. Сапраўды, як у прыказцы «без мяне мяне ажанілі» (С. Грахоўскі. Засвеціцца акно). – Тваю групу сальём пакуль што з групай Пацыкайліка, хай разам пазаймаюцца... Дык як?.. – Без мяне мяне ажанілі... – не знайшоў што сказаць [Віця] (П. Місько. Канал імя Віцькі Зайцава). – Прыказкі, кн. 2, с. 36: Без мяне мяне жанілі; Без мяне мяне жанілі, мяне дома не было. Без начыння і лапця не спляцеш. Без належных прылад ніякай справы не зробіш. Сін.: Без струманту і вошы не заб'еш. – А як жа яго зламалі? – Кажуць жа, пані, што без начыння і лапця не спляцеш. А ўсялякае начынне пры рабоце псуецца. Вось так і панскі сцізорык. Хацелі пану на боты злупіць з выжла шкуру, узялі сцізорык. Але на панскім выжле вельмі ж моцная шкура была. Ну, сцізорык і зламаўся (З народнай казкі «Як Сцёпка з панам гаварыў»). – Прыказкі, кн. 1, с. 149: Без начыння і лапця не спляцеш. Без падпалу дровы не гараць. Без чыіх-н. нагавораў, даносаў не абвастраюцца спрэчкі, сваркі, непрыязныя адносіны паміж людзьмі. – Можа, даўно замужам былі б, каб не гэтакі брат. Можа, ніхто і браць не квапіць з гэтакае хаты. – А што яны вінаваты! – І старэйшая гэтакая самая. Яна ж і памагала яму нябожчыцу грызці: усё ж і падвучвала, а без падпалу дровы не гараць (К. Чорны. Ліст Якуба Малькевіча). – Насовіч, с. 5: Без паджогі дровы не гараць; Янкоўскі, с. 181: Без падпалу дровы не гараць; Рапановіч, с. 12: Без падпалкі і дровы не гараць; Прыказкі, кн. 1, с. 150: Без паджогі дровы не гараць; Без падпалкі дровы не гараць. Без працы не будзеш есці калачы. Гл. Без працы не будзеш есці коляцы (калачы
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

забеш
18 👁
 ◀  / 696  ▶