Áдзяўчыны. Відаць па вочках, хто ходзіць па ночках... Прызнавайся: пазналася з баярынам? (Г. Далідовіч. Кліч роднага звона). – Дык усётакі, чаму не падабаецца, а, дзядзька Коля? – Позірк непрыгожы... Відаць па вочках, што ходзіць па ночках (Маладосць. 1988. № 10). – Насовіч, с. 62: Відна па вочках, што ходзіць па ночках. Бачылі вочы, што бралі (выбіралі, куплялі), дык (цяпер) ешце, хоць павылазьце. Праст. Гаворыцца як папрок, дакор за неабачлівасць, неразважлівасць пры выбары, набыцці каго- ці чаго-н. [Маці:] Проста мне не пашанцавала. Пайшла замуж за вахлака, цяпер пакутую! Быў бы ён прэзідэнт ці які пасол, якое жыццё прыгожае было б! Візіты, прыёмы... Але бачылі вочы, што бралі, дык ешце, хоць павылазьце! (З. Дудзюк. Заложнікі шчасця). Бабуля казала яшчэ так: «Бачылі вочы, што куплялі, ешце, хоць павылазьце». І ўсё гэта, і шмат што іншае было варыянтамі расшыфроўкі аднаго з асноўных законаў жыцця гэтага раёна горада: «Жаніцца можна толькі адзін раз» (Н. Цыпіс. Вінніцкія замалёўкі). Як успрыме наша жытло Алена? Ды і ці хоча яна наогул з'язджаць з Масквы? Патрэбна ж куча грошай на ўладкаванне. Аднак вярнуўся з магазіна Мікола з гарэлкаю, і страхі прайшлі. «Дзе наша не прападала, – думаў я, куляючы чарку. – Урэшце рэшт яна ведала, за каго выходзіла замуж. Бачылі вочы, што куплялі, цяпер ешце, хоць павылазьце» (А. Кажадуб. Без настальгіі). – Прыказкі, кн. 1, с. 462; кн. 2, с. 50: Бачылі вочы, што куплялі, а цяпер плачце, хоць павылазьце; Бачылі вочы, што бралі (выбіралі), а цяпер ешце (плачце), хоць павылазьце; Насовіч, с. 127: Плачце, вочы, хоць павылазьце, відалі, што купавалі. Бачылі вочы, што выбіралі (куплялі), дык ешце. Гл. Бачылі вочы, што бралі (выбіралі, куплялі), дык ешце. Бачым сучок у воку брата свайго, а бервяна ў сваім не заўважаем. Гл. У чужым воку саломку (саломінку) бачым, а ў сваім і бервяна не заўважаем. Бачыць вока далёка, а розум яшчэ далей. Пра здольнасць чалавека прадбачыць, адчуваць што-н. – Адразу ж і сынок [народзіцца]! – пыхнула Ірына. – Можа, дачка. А то і двайняткі. Адкуль ведаеш? – Ведаю. – Ну-ну, бачыць вока далёка, а розум яшчэ далей, жадаю табе, каго сама хочаш... (В. Рудава. Крылы). – Прыказкі, кн. 2, с. 232: Бачыць вока далёка, а розум яшчэ далей. Бачыць вока, ды зуб няйме. Хоць што-н. і вельмі жаданае, але дасягнуць яго немагчыма. Сін.: Блізка локаць, ды не ўкусіш
Дадатковыя словы
зязджаць
21 👁