Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÀАпошняму парасяці цыцка пад хвастом. Праст. 1. Таму, хто спазніўся куды-н., нічога не дастаецца. Сін.: Хто позна ходзіць, той сам сабе шкодзіць. 2. Каму-н., не роўнаму з іншымі людзьмі ў якіх-н. адносінах, нічога не дастаецца або толькі горшае, кепскае. Меншаму ростам чалавеку заўсёды выпадае больш працы і менш уцехі. Ёсць нейкая доля праўды ў мудрых словах, што апошняму парасяці цыцка пад хвастом. Прымаўка не для цытавання па радыё ці ў газетах, але рацыю мае, і немалую (Я. Палубятка. Прыгоды Мармулка). – Федароўскі, с. 221: Апошняму (задняму) парасяці цыцка пад хвастом; Лепешаў, с. 103: Задняму парасяці цыцка пад хвастом; Аксамітаў, с. 252: Меншае парася заднюю цыцку ссе. Апускайся, куме, на дно. Пра бесперспектыўнасць у якой-н. справе. Стой, брат, падумай: а можа, гэта і не так, можа, ты яшчэ здолен на нешта патрэбнае людзям. «Апускайся, куме, на дно»... Не, гэта прыказка... Покі носяць цябе ногі, ты нешта рабі, рабі тое, што трэба людзям... (Я. Колас. На схіле дзён). Не траць, куме, сілы, спускайся на дно. [Голас з рэпрадуктара:] Шаноўныя грамадзяне! Хто дабіваецца неўміручасці, павінен прадставіць аналізы... Просьба прадставіць яшчэ характарыстыкі з месца працы. Хто ўсяго гэтага не зможа прадставіць, просьба не падаваць заяў, не ўскладняць работу Камітэта па справах неўміручасці. [Адзін з чаргі:] Словам, не траць, куме, сілы, спускайся на дно (К. Крапіва. Брама неўміручасці). Робім складкі сіламі найбольш свядомага і грамадска вырабленага люду, без чаго ўсё пайшло б па старой прыказцы: «Не траць, куме, сілы, спускайся на дно...» (В. Якавенка. Пакутны век). – Прыказкі, кн. 2, с. 110: Пускайся, куме, на дно – не траць дарам часу; Янкоўскі, с. 383: Не траць сілы, спускайся на дно. Аржаная каша сама сябе хваліць. Гаворыцца з насмешкай пра таго, хто сам сябе хваліць. Сін.: Хвалілася рэдзька, што з мёдам смачная. «Аржаная каша сама сябе хваліць, – едучы думаў Рагуля. – Выхваляўся [Абрамчык], што адзіны за мяжою прадстаўнік бацькаўшчыны...» (І. Гурскі. Чужы хлеб). Любіць аржаная каша сама сябе хваліць. Яўхім побач з ёй [Ганнай] таксама пацягнуўся за ягадай. – Усё-такі з памочнікам спарней! – Гледзячы, які памочнік!.. – А хіба – паганы? – паспрабаваў ён пажартаваць. – Добры, значыцца!.. Любіць аржаная каша сама сябе хваліць! (І. Мележ. Людзі на балоце). Ох, як жа хораша ўмеем мы ўсміхац
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
39 👁
 ◀  / 696  ▶