Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÀАд сябе не ўцячэш. Гл. Ад самога сябе не ўцячэш. Ад торбы (ад сумы) і (ды) ад турмы не адракайся (не заракайся). Нельга быць упэўненым, што цябе не напаткае бяда, няшчасце і пад. Сін.: Ад астрогу няма перасцярогу. – Ні салдатам, ні арыштантам не хочаш быць, – заўважыў Лабановіч. – А я, брат, жыву па прыказцы: ад торбы і ад турмы не адракайся (Я. Колас. На ростанях). – Мала што можа здарыцца. Не хачу я на старасці год ісці з торбамі па свеце... – Мама! Ад сумы і турмы не заракайся (І. Гурскі. Чаму ж мне не пець). Прыйшла ў галаву [Ніне] прымаўка: «Ад сумы ды ад турмы не заракайся». Вось і яна, можна сказаць, у турме. І бацька некалі так сядзеў... (Л. Арабей. Халодны май). На той час ужо адбылося судовае паседжанне, ужо быў «састаў злачынства», ужо трэба было чакаць выканаўчы ліст на чатырыста восемдзесят адзін рубель восемдзесят чатыры капейкі... Не, нездарма людзі кажуць: ад сумы і турмы не заракайся (А. Кажадуб. Стрэчанне). Беркут шануе розум і сілу. Вялікі знаўца сабак, кароль арэны. Але, як кажуць, ад турмы і сумы не заракайся. Патрапіў і кароль арэны ў край з пуховымі зімовымі пярынамі і ледзянымі палацамі... (В. Дубінка. Браты святой ночы). * Ах, мілая, вы так далёка ад ісціны вядомай той: ад торбы ды турмы няўрокам не абаронены ніхто (А. Звонак. Жанчына, мілае стварэнне...). Можа, і пляменнікі таксама пазайздросцяць [Ісаку], бо невядома яшчэ, да чаго давядзе тая іх класавая барацьба. Можа, да сумы, а можа, і да турмы... (В. Быкаў. Сцюжа). – Прыказкі, кн. 1, с. 356: Ад турмы і ад торбы не адчурайся; Ад турмы і ад сумы ніколі не адказвайся; Сумы і турмы ніколі не заракайся. Адтуль горача, адсюль боляча. Гл. І адтуль горача, і адсюль боляча. Ад цяплосці не баляць косці. Гарачыня, цеплыня не шкодзяць. Гаворыцца, калі хто-н. не адчувае нязручнасці ад празмернай гарачыні на вуліцы або ў памяшканні ці ад вельмі цёплага адзення. Сін.: Пара касцей не ломіць. Ціма.. кабаціка свайго на аўчынцы ні зімою, ні летам не знімаў. «Ад цяплосці не баляць косці!» – на кепікі.. адказваў (У. Пашкевіч. І дам табе вянок жыцця). Во ліха, ажно ўзагрэўся, гаворачы... Ды хай сабе... Ад цяплосці, кажуць, не баляць косці (Маладосць. 2000. № 2). – Насовіч, с. 123: Ад цяплосці не баляць косці; Прыказкі, кн. 1, с. 214: Ад цяплосці косці не баляць; Санько, с. 291: Ад цяплосці не баляць (не гнуцца) косці
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
22 👁
 ◀  / 696  ▶