Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Àжы; Адзін і ў кашы няспорны; Адзін – не трапіш у кон, то выскачыш вон; Адзін у полі не воін; Адна галавешка і ў печы не тлее; Адной рукой і вузла не завяжаш; Адной рукой у далоні не пляснеш. [Анця:] Той Несцерка, які пана Бараноўскага правучыў? [Несцерка:] То быў мой дзед. А я толькі ў людзі выйшаў, бо, думаю, дзед хоць і рыпае яшчэ па белым свеце, але ж адным калом плота не падапрэш (Г. Марчук. Новыя прыгоды Несцеркі). – Прыказкі, кн.1, с. 374: Адным калом плота не падапрэш. Адны пануюць, другія гаруюць. Пра сацыяльную няроўнасць. Сін.: Палавіна свету скача, а другая палавіна свету плача; Так на свеце вядзецца: адзін плача, другі смяецца. [Бацька:] Вялікая крыўда, сынок, на свеце. Адны пануюць, другія гаруюць... (В. Вольскі. Цудоўная дудка). – Прыказкі, кн. 1, с. 428: Адны пануюць, а другія гаруюць. Ад прыбытку галава не баліць. Прыбытак ніколі не зашкодзіць, не можа непакоіць каго-н. Дзяцей? Можна сказаць, няма дзяцей. Хоць ад прыбытку галава не баліць, але ж у чым я вінен? (М. Лынькоў. Апошні зверыядавец). Ужо, кажуць, здабыты першыя керны са шмат багацейшых пластоў, чым салігорскія. Што ж, ад прыбытку галава не баліць (М. Паслядовіч. Салігорскае дзіва). [Ядзя:] Нашто нам другая карова тая?! [Федзя:] Ад прыбытку ж галава не баліць. Я і свіней сёлета больш пусціць думаю (І. Козел. Над хвалямі Серабранкі). – Калі што – патарабаніш пасля на возе сама [здаваць бычка ў нарыхтоўчы пункт]. – Што ты, як певень наіндычыўся? Бач ты, прыспічыла яму. Другі [нарыхтоўшчык] падвернецца, хіба мала іх цяперака... Было б што здаваць... Ад прыбытку галава не баліць... (М. Мікуліч. Разгараўся дзень). – Насовіч, с. 158: З прыбылі галава не баліць; Прыказкі, кн. 1, с. 472: З (ад) прыбытку галава не баліць. Адрэзанае (-ай) лусты не прыклеіш (не прылепіш). Таго, што было, назад не вернеш. Яму [Кірылу] не хацелася верыць, што Зоська збегла назусім. Пабрэндае па свеце ды і вернецца. Але цесць пад самы корань падсек яго веру. – Я так думаю, зяцёк, адрэзанае лусты не прыклеіш. Таму і прыйшоў да цябе. Трэба нам палічыцца (А. Асіпенка. Кірыла Уласік). Вывучылася [дачка] на швачку, працуе ў Бабруйску. Адрэзанай лусты не прыклеіш. Дома засталіся мы з жонкай, меншая Святлана, ды неўзабаве сын з арміі прыйшоў (В. Шырко. Прадчуванне свята). – Федароўскі, с. 172: Адрэзанай лусты не прылепіш; Янкоўскі, с. 180: Адрэзанае лусты не прылепіш
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
25 👁
 ◀  / 696  ▶