Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
À– Федароўскі, с. 167: Аднаму льецца, а другому нават не капае; Янкоўскі, с. 27: Аднаму льецца, а другому нават не капае. Адна паршывая (шалудзівая, паганая) авечка (аўца) увесь статак (гурт, усю чараду) псуе (сапсуе). Дрэнны чалавек сваімі паводзінамі, учынкамі адмоўна дзейнічае на ўвесь калектыў або стварае непрыхільнае ўражанне пра калектыў. Бывала, дзе ні прападзе конь, то ўсе ідуць у Яршы яго шукаць. Недарма кажуць, што паршывая авечка ўвесь статак псуе. Праз Бурачкоў усіх яршоўцаў лічылі зладзеямі (І. Гурскі. Лясныя салдаты). – Многа ў вас гэтых самых бобікаў? – Тры чалавекі. Але, кажуць, і адна шалудзівая авечка ўсю чараду псуе (Б. Сачанка. Вялікі Лес). Што ж, нездарма ў народзе спрадвеку прымаўка такая ходзіць: «Адна паганая аўца – увесь статак сапсуе» (Э. Валасевіч. Бывае часам і так...). [Максім:] Не павінна быць усякага дробнага крадзяжу, які некаторыя тыпы дапускаюць... Адна паганая авечка псуе ўвесь статак (А. Макаёнак. Лявоніха на арбіце). Быў адзін недавярак завёўся і ў нас, нетутэйшы, аднекуль прыбіўся ў калгас, дык ён гарэлку браў. Прывязе сена ці дроў – стаў барыш... Паршывая авечка ўвесь гурт псуе (В. Шырко. Стукаў). Паспрабаваў адзін ідэаліст з міжнароднага аддзела заклікаць калег да партыйнага сумлення – яму жанчыны не пасароміліся нагадаць, што адна паганая авечка псуе ўвесь статак, назвалі яго баранос. Абражаны «баран» пакінуў сход (І. Шамякін. Выкармак). * Працуе цэх, шчыруе цэх, ідзе ўсё чынна-гладка. Ды завялася, як на грэх, адна авечка ў статку... Глядзіш, там – глум, а там – прастой, дзе трэба роўна – крыва... (Г. Кляўко. Як Кузьму крытыкавалі). – Насовіч, с. 110: Адна паршывая аўца ўсё стада заражаець; Ляцкі, с. 34: Паршывая аўца ўсё стада порце; Раманаў, с. 205: Адна паганая аўца ўсю стаду порце. Адна толькі курыца грабе ад сябе. Часцей гаворыцца з асуджэннем пра тых, хто не клапоціцца пра іншых, пра агульнае, усё робіць толькі на сваю карысць. Сін.: Усякі чорт на сваё кола цягне. Усё думалася і спадзявалася, што мы хоць трохі, для прыстойнасці і гонару, дбаем пра агульнае, людское, аднак, аказваецца, клопат найбольшы і найпершы – сваё. Ды што мудраваць – адна толькі курыца грабе ад сябе (В. Адамчык. Ліст аканту). * [Яніна:] Ён як ваяваў з бальшавікамі, дык, кажуць, і мірных людзей грабіў. [Лабыш:] А хто гэта грабе ад сябе? Адна курыца і тая зярняткі падбірае (І. Козел. Папараць-кветка). Вядома, курыца
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
38 👁
 ◀  / 696  ▶