Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ß* Што таіцца – ад думак [у Надзі] галава трашчыць. Б'ецца яна як рыбіна аб лёд, стараецца, а ўсё роўна атрымліваецца, як у таго заклятага богам і людзьмі гарапашнага Амелі: ары не ары, а ўсё чорным дагары (М. Гроднеў. Заручыны). – Янкоўскі, с. 244: Як ні ары, абы чорным дагары. Як няма рыбы без косці, так і няма чалавека без злосці. Звычайна кажуць, калі просяць прабачыць за нечаканы парыў злосці. [Федзя:] Ну, прабач ты мне, Ядзя... Пагарачыўся крыху... Сама ведаеш, як няма рыбы без косці, так і няма чалавека без злосці. Даруй мне, больш ніколі не паўторыцца гэта (І. Козел. Над хвалямі Серабранкі). – Федароўскі, с. 63: Няма мяса без косці, а чалавека без злосці. Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі і сын. У дзецях паўтараюцца недахопы ці станоўчыя рысы бацькоў. Сін.: Ад крывога дрэва не бывае прамога ценю; Вецвейка ад дрэва недалёка адскочыла; Калі бацька рыбак, то і сын глядзіць на ваду; Яблык ад яблыні недалёка падае; Якая клёпка, такая бочка, якая маці, такая дочка; Які куст, такі і адростак; Якое карэнне, такое і насенне. [Навум:] Нябожчык стары пан.. быў нам, як родны бацька: хлеба, солі нікому не жалеў... Будзь і ты яму схожы. Тагды спраўдзіцца прымаўка: якое дрэва, такі клін, які бацька, такі сын (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). [Ева:] Няўжо і Лявон згадзіўся? [Зяноўя:] Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі і сын (В. Гарбацэвіч. Вяселле). Пра яго гаварылі: «Яўхім ліпне да працы, як муха да мёду». Дзеці таксама цягнуліся да работы. Якое, кажуць, дрэва, такі і клін, які бацька, такі і сын (І. Гурскі. Ганульчына гора). Думала, бацька п'е, дык хоць сыны разумнейшыя будуць. Але ж: якое дрэва – такі клін, які бацька – такі й сын (Л. Дайнека. Запомнім сябе маладымі). Які дуб, такі і тын, які бацька, такі і сын. [Пан:] Брэшаш, старая. Твой сын – лайдак, валацуга. Швэндаецца, мусіць, дзе-небудзь па свеце ды жабруе, а мо і крадзе, зладзюга. [Войт:] Уся іхняя парода гэткая, паночку. Які дуб, такі і тын, які бацька, такі і сын (В. Вольскі. Цудоўная дудка). Сват спяваў, як салавей, на ўсе лады распісваючы і расквечваючы гаспадарку Лявона і саміх гаспадароў... – І пра яго, – дзядзька меў на ўвазе Васіля, – нічога благога не магу сказаць – разумны, гарэлкі не п'е. Ды што казаць! Які дуб, такі і тын, які бацька, такі і сын. І працавіты вельмі! (У. Гніламёдаў. Валошкі на мяжы). – Насовіч, с. 194: Якое дзерава, такі і клін, які бацька, такі і сын; Раманаў, с. 315: Які дуб, такі тын, які бацька, такі сын
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

бецца
9 👁
 ◀  / 696  ▶