Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ßі ўраджай. Самая распаўсюджаная і красамоўная, нават зарыфмаваная, – «Калі на Грамніцы певень нап'ецца вадзіцы, дык на Юр'я наесца вол травіцы». Вялікі мароз у гэты дзень зусім не прадказваў ні цёплай вясны, ні спрыяльнага лета, але снег абяцаў ляжаць нядоўга (Звязда. 2001, 15 лют.). – Прыказкі, кн. 1, с. 96: Як на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы; Янкоўскі, с. 84: Калі на Стрэчанне певень пад страхою нап'ецца, то на Юр'я вол травы наесца. Як (калі) не ела душа часнаку, то і пахнуць не будзе. Невінаваты чалавек не можа абвінавачвацца ў чым-н. [Жэня:] Ну-ну, ці даўно яшчэ рукі твае Гэльку абдымалі ўпоцемку? [Андрэй:] Ды хіба ж можна змяніць сакавітую вішню на пажоўклы ападак з дрэва? [Жэня:] Ой ты, хват добры. Я цябе наскрозь бачу. [Андрэй:] Як не ела душа часнаку, пахнуць не будзе (І. Козел. Над хвалямі Серабранкі). Бабам толькі дай зачэпку языкамі памянціць. Без граху грэшным зробяць... Але ж спрадвеку гавораць, што калі душа часнаку не ела, то і пахнуць не будзе (А. Казлоў. Незламаная свечка). – Насовіч, с. 183: Чыя душа часнаку не ела, то і пахнуць не будзець; Янкоўскі, с. 346: Чыя душа часнаку не ела, пахнуць не будзе; Прыказкі, кн. 1, с. 348: Як душа не ела часнаку, не пахла б; Хто часнаку не еў, той смярдзець не будзе. Як (калі) трывога, тады (дык) да Бога. Да Бога найчасцей звяртаюцца ў няшчасці. Як занялася ад хаты страха на хляве, а пасля на гумне, то нябось – [Уладзя] успомніў Бога, давай хутчэй хрысціцца. Кажуць жа: як трывога, тады да Бога (В. Каваленка. Падвышанае неба). Не верыла Мар'яна ні ў які той свет, але нездарма людзі кажуць: як трывога, дык да Бога... І Богу, і д'яблу пайшла б сёння служыць Мар'яна, каб ведала, што гэта паможа сыну (Л. Арабей. Маці – не сведка). Яна чула, як бацька перад якімнебудзь важным заняткам часта звяртаецца да Бога. А што вінаватыя мы перад ім, кажа, то гэта праўда. Успамінаем толькі, калі бяда якая. Праўду кажуць – калі трывога, тады да Бога (А. Бутэвіч. Апошняе ігрышча). [Ян:] Зноў за свае прымхі?! Сну людскога сасніць не можаш!.. Анёлы, крыжы, багі... [Фрося:] А як жа інакш? Нездарма ж людзі кажуць, як трывога, тады і да Бога. Ты ж сон мой не паслухаў... (А. Петрашкевіч. Скрадзены крыж). – Ляцкі, с. 63: Як трывога, тады да Бога; Прыказкі, кн. 2, с. 151: Як трывога, тады да бога. Як (калі) удасца жарабё (бычок) з лысінкай, дык і здохне (састарэе) такім (з лысінкай). Пра нязменнасць характару чала
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

дяблу, маряна, напецца, юря
36 👁
 ◀  / 696  ▶