Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ßЯкі чорт Хомка, такая яго жонка. Абодва аднолькавыя ў якіх-н. адмоўных адносінах. І бацька яго гэткі самы рызыкант быў: які чорт Хомка – такая яго жонка (З. Бядуля. Летапісцы). – Насовіч, с. 194: Які Хомка, такая яго й жонка; Прыказкі, кн. 2, с. 49: Які Хомка, такая і жонка; Які чорт Хама, такая й сама; Які чорт Фомка, такая яго жонка. Якія самі, такія і сані. Кожны мае тое, чаго заслугоўвае, чаго варты, што адпавядае яго становішчу. Сін.: Якая заслуга, такая і пашана; Якая на свінні шэрсць, такая ёй і чэсць; Якая птушка, такое і гняздзечка; Якая справа, такая і слава; Які госць, такое і частаванне; Які музыка, такая і музыка. – Якія самі – такія і сані, якая вёска – так і людзі ў ёй жывуць. Бяднота. Няма ніводнай хаты прасторнай, чыстай – курнікі (М. Нікановіч. Перарадзіліся). Якія самі, такія і сані. Ты, хлопча, на вялікае не замахвайся. Хопіць табе рабенькай, крывенькай (І. Навуменка. Бульба). [Альжбета:] А што ж ты хацеў яшчэ? Якія самі, такія і сані (І. Козел. Папараць-кветка). Дзякуючы прадзедаўскай тэхналогіі мы глумілі і глумім драўніну. Як кажуць, якія самі, такія і сані (А. Дзік. Светлагорскі бумеранг). – Насовіч, с. 193: Якія мы самі, такія нашы й сані; Прыказкі, кн. 1, с. 188: Якія самі, такія і сані. Якія сані, такі і гаспадар. Кожны атрымлівае, мае тое, чаго ён варты, што адпавядае яго становішчу. Сін.: Па Сеньку і шапка. Зразумеўшы, якога гаспадара і якую хату мае на ўвазе Яшка, Адам заўважыў: якія сані, такі і гаспадар... па Сеньку і шапка... (М. Воранаў. Карона). – Прыказкі, кн. 1, с. 188: Які воз, такі і гаспадар. Як (калі) на Грамніцы (Стрэчанне) нап'ецца певень вадзіцы, дык (то) на Юр'я наесца вол травіцы. Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды; Грамніцы, Юр'я – святы ў хрысціян, першае прыпадае на 2 лютага, другое – на 23 красавіка (па старым стылі). Грамніцы і Стрэчанне – дзве назвы таго самага свята, другая – пераважна ў праваслаўных. «Грамніцы ж сёння, Стрэчанне, – успомніла Сабіна. – Як на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, дык на Юр'я наесца вол травіцы. Здаецца, багата адталінак, трэ прыгледзецца...» (А. Кажадуб. Стрэчанне). Стрэчанне сёння, сынок. Зіма з летам у полі стрэліся. Калісь старыя людзі казалі: «Калі на Стрэчанне певень нап'ецца вадзіцы, то на Юр'я вол наесца травіцы» (У. Глушакоў. Чарнобыльскі шлях...). З Грамніцамі звязана нямала прымет на будучае надвор'е
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

надворе, напецца, юря
30 👁
 ◀  / 696  ▶