Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ß– Насовіч, с. 193: Які куст, такі і адростак; Раманаў, с. 315: Які куст, такі і парастак; Прыказкі, кн. 2, с. 128: Які куст, такі і адростак; Які куст, такі і парастак. Які музыка, такая і музыка (такое і гранне). У кожнага атрымліваецца тое, чаго ён варты, на што ён здольны. Сін.: Якая заслуга, такая і пашана; Якая на свінні шэрсць, такая ёй і чэсць; Якая птушка, такое і гняздзечка; Якая справа, такая і слава; Які госць, такое і частаванне; Якія самі, такія сані. [Карузлік:] Хачу залаты дождж!.. Хм, не атрымалася з першага разу. Паспрабуем зноў. [Дзяўчынка:] Які музыка – такая і музыка! (С. Кавалёў. Хохлік). – Прыказкі, кн. 2, с. 197: Які музыка, такое і гранне. Які пан, такі і слуга. Які начальнік, такі і падначалены. Сін.: Які поп, такі і прыход. Аж палягчэла на душы, як бы ачысціўся ад нечага бруднага, што нёс з сабой і хацеў выліць вунь на тых няшчасных маладзіц, якія пад спякотным небам не разгінаюць спіны. Святую праўду гаварыў некалі Яўхімаў бацька: «Які пан, такі і слуга» (У. Ліпскі. Невядомы). – Федароўскі, с. 216: Які пан, такі слуга. Які поп, такі і прыход. Які начальнік, такія і падначаленыя. Сін.: Які пан, такі і слуга. Калі Рудольф неяк спытаў: «Як вы пачуваеце сябе сярод нашых людзей?», я адказаў, што мы і не спадзяваліся на такую ўвагу, добразычлівасць, шчырае, сардэчнае апякунства. А Ліля дадала: «Які поп, такі і прыход» (С. Законнікаў. Вячэра пад райскім дрэвам). Кажу пра гэты малазначны выпадак, каб яшчэ раз прыгадаць народную мудрасць: які поп – такі і прыход. Людзі заўсёды імкнуцца быць падобнымі на свайго куміра, а падначаленыя – на свайго кіраўніка, незаўважана, міжволі пераймаюць ягоныя звычкі, ягоны стыль (В. Блакіт. Уваскрасенне ўчарашняга дня). – Насовіч, с. 194: Які поп, такі яго й прыход; Ляцкі, с. 62: Які поп, такі і прыход; Федароўскі, с. 240: Які поп, такая парахвія. Які прывет, такі прыём. Як ставяцца да цябе, так трэба ставіцца і да іх. Прыход Марыны пана ўзрушыў... «Пся крэў, а ладная кабета! Як гляне, проста кіне злот. Паможам ёй за адно гэта». І ён прыжмурыўся, як кот, і нават рыжы вус пакратаў, зірнуўшы ўкрадкам на свой дом. Які прывет – такі прыём. Які тавар – такая плата (Я. Колас. Рыбакова хата). – Янкоўскі, с. 245: Які прывет, такі прыём. Які Хомка, такая яго жонка. Гл. Які чорт Хомка, такая яго жонка
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
32 👁
 ◀  / 696  ▶