ß– Федароўскі, с. 274: Як сеў, так і прыкіпеў; Насовіч, с. 23: Дзе сеў, там і прыкіпеў. Які б ні быў Панцялей, а жыць весялей. Пра перавагу замужняга жыцця над жыццём адзінокай жанчыны. Сін.: Сякі-такі (хоць які) целяпей, усё ж такі ўдваіх ляпей. – Ты даўно адна? – Даўно, – ціха адказала Таццяна. – А хацела б замуж?.. – Які б ні быў Панцялей, а жыць весялей (І. Казлова. Прафесар робіць вывад). – А з саплівым Панцялеем жаніхацца можна?! І чаго цябе да Асмалоўскіх цягне?.. – Сёй-той засмяяўся. Кацярына зноў рванула руку і вызвалілася: – Які ні ёсць Панцялей, але з ім весялей! (Звязда. 2000, 15 лістап.). – Прыказкі, кн. 2, с. 61: Які ні Панцялей, а жыць весялей; Які ні Панцялей, абы сэрцу весялей; Сякі-такі Панцялей, абы ў хаце весялей. Які госць, такое і частаванне. Кожны мае тое, што заслугоўвае. Сін.: Якая заслуга, такая і пашана; Якая на свінні шэрсць, такая ёй і чэсць; Якая птушка, такое і гняздзечка; Якая справа, такая і слава; Які музыка, такая і музыка; Якія самі, такія і сані. [Пуп-Шкевіч:] Шляхту накарміць шклянкай замежнага віна, а гэтаму – 25 бізуноў. Які госць – такое і частаванне (Г. Марчук. Новыя прыгоды Несцеркі). – Ляцкі, с. 62: Які госць, такое й частаванне; Ліцвінка, с. 96: Якія госці, такі і пачастунак. Які дуб, такі і тын, які бацька, такі і сын. Гл. Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі і сын. Які куст, такі і адростак. Свае недахопы, заганы дзеці пераймаюць ад бацькоў. Сін.: Ад крывога дрэва не бывае прамога ценю; Вецвейка ад дрэва недалёка адскочыла; Калі бацька рыбак, то і сын глядзіць на ваду; Яблык ад яблыні недалёка падае; Якая клёпка, такая бочка, якая маці, такая дочка; Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі і сын; Якое карэнне, такое і насенне. А-а-а, гэта ж яго сына расстралялі, бандыта. «Які куст, такі і адростак», – успомнілася Галі чутае ад людзей, калі гаварылі пра дрэнных дзяцей, нядобрых бацькоў (Я. Ермаловіч. Стаяў маладзік над лесам). * Сапраўды, хіба пры добрым бацьку дзеці робяцца зладзеямі? У іх так і гавораць: які куст, такая і адросля (А. Кажадуб. Стрэчанне). – А чаго ты дзівішся? – спытаў у Сцяпаніхі дзядзька Базыль. – Які корань, такі і парастак. Стары Гай у Пятлюры мардаваў, а сын тут пайшоў па бацькавай дарожцы (К. Каліна. Світанак
21 👁