Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ßЯк вяровачцы ні віцца, а канцу паявіцца. Гл. Колькі вяровачцы ні віцца, а канцу быць. Як гніл, нікому не міл. Гаворыцца пра абыякавае, кепскае стаўленне іншых людзей да хворага, хілага чалавека. Былая жонка і дачка калі-небудзь прыходзяць, каб што ўхапіць, а не дапамагчы яму, аблегчыць боль: і фізічны, і душэўны. «Як гніл, нікому не міл», – гэтыя словы такія праўдзівыя (С. Лобач. Знайдзі сябе...). – Прыказкі, кн. 2, с. 215: Як гніл, нікому не міл. Як гол, так і васцёр. Бедны чалавек часта незгаворлівы і востры на язык. Асабліва не любяць багатыя, калі бедната горача бароніць свае інтарэсы. Як гол, так і васцёр, – гавораць яны ў такіх выпадках (К. Крапіва. Беларускія прыказкі). – Прыказкі, кн. 1, с. 408: Як гол, так васцёр; Насовіч, с. 173: Хоць гол, ды васцёр. Як гукнеш, так і адгукнецца. Як сам адносішся да каго-н., так і да цябе аднясуцца. – Гэта гвалт! – звяртаючыся да Берсана, выкрыкнуў Шумскі. – Я пратэстую!.. – Як гукнеш, так і адгукнецца, – кінуў рабочы (І. Гурскі. Вецер веку). – Вы, доктар, злапомны. – Як гукнеш, так і адгукнецца, – адказаў Смірын (А. Алешка. Над намі мільён вышыні). Так, унучак... З людзьмі дзяліся, і яны з табою падзеляцца. Як гукнеш, так і адгукнецца. З людзьмі жыць – не па-воўчы выць... (П. Місько. Хлопцы, чые вы будзеце...). – Насовіч, с. 194: Як гукнеш, так і адгукнецца; Прыказкі, кн. 2, с. 447: Як гукнеш, так і адгукнецца; Як гукаюць, так і адгукаюцца. Як даюць, то бяры, а як б'юць, то ўцякай. Гл. Даюць – бяры, б'юць – уцякай. Як дбаеш, так і маеш. Пра залежнасць дастатку, матэрыяльнай забяспечанасці чалавека ад яго старання, руплівасці. Кажуць: як дбаеш, так і маеш. Я, здаецца, ужо так дбаю, так дбаю, а нічога не маю (М. Нікіцкая. Хапу-лапу). – І выцягнула брыгаду Дуня. Перадавая стала. А раз так – там і аплата большая. Матэрыяльны стымул, так сказаць. – Па прынцыпу: як дбаеш, так і маеш, – уставіў Гайкевіч (М. Парахневіч. Непагадзь). – Федароўскі, с. 254: Як робіш, так і маеш; Аксамітаў, с. 126: Як дбаем, так і маем. Як (дзе) сеў, дык (так) прыкіпеў. Кажуць пра сябе ці пра каго іншага, хто надоўга затрымаўся, забавіўся дзе-н. Ну што, людцы, трэба ісці. А то во – як села, дык і прыкіпела. Паеду заўтра дахаты (Л. Левановіч. Пасля разводу
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

бюць
23 👁
 ◀  / 696  ▶