Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Àяк цэп літоўскі. [Куліна:] Ты – работнік. Ад лені не гнуцца калені (У. Сауліч. Халімон камандуе парадам). – Насовіч, с. 168: У лені баляць калені; Прыказкі, кн. 2, с. 267: Ад лені не гнуцца калені. Ад лёсу не ўцячэш. Кажуць пра немінучасць, непазбежнасць чаго-н. як бы загадзя вызначанага. Сін.: Свайго лёсу не мінеш; Суджанага і канём не аб'едзеш; Ты ў свет, і доля ўслед; Чаму быць, таго не мінаваць. Колькі гадоў мінула, а яна адразу пазнала яго. Гэта ён, толькі не адзін і тады без пагонаў, забіраў яе Івана. Яна падумала яшчэ, што ад лёсу не ўцячэш, хаця, можа, чалавек мае што сказаць пра Уладзіка, а можа, і пра Івана новае што ведае (А. Кудравец. Познія яблыкі). Так мінуў год, і я паступова пачаў забываць незнаёмку, з галавой акунуўшыся ў свае клопаты. Але нездарма кажуць, што ад лёсу не ўцячэш... [Аднойчы] я ўбачыў знаёмы профіль, усё тую ж пасму валасоў... (Настаўн. газ. 2001, 18 снеж.). У мяне хлопцаў было даволі. Усё перабірала, якому б аддаць перавагу. Але праўду кажуць: ад лёсу не ўцячэш. Я паступова прывыкла да Барыса, пакахала... (Л. Юргілевіч. У Мядзвінавічы, да мамкі). Кампанія кароў у колькасці дзесяці асобін, якая прыбыла на мясакамбінат, была ў разгубленасці. І не ад таго, што іх чакала наперадзе, бо ад лёсу не ўцячэш, а з-за чалавечага нахабства і безгаловасці (Вожык. 1996. № 7). Ад ліха ціха, а дабра не чуваць. Нічога асаблівага, ні дрэннага, ні добрага, не чуваць. Жартаўлівы адказ на пытанне: «Што новага?» ці «Што чутно?» [Камісар:] Што чутно, Навум? [Навум:] Нічога, пане! Ад ліха ціха, а дабра не чуваць (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). – Ну, што чутно ў вас, дабрадзеі мае? – вітаючыся, спытаўся Міхайла. – А што ў нас пачуеш? – адазваўся адзін. – Ад ліха ціха, а дабра не чуваць, – казаў той (З. Бядуля. Буслы). – А як пані Мядзёлцы жывецца? – Пакуль, цьфу-цьфу, ад ліха ціха... – А муж... Твой Грыб як? – Тамаш у Лодзі (А. Пашкевіч. Пляц Волі). Ад ліха ціха, дабра не відаць (не чуваць). [Паўліна:] Ну, кажы, што ў вас чуваць? Так даўно не бачыліся! [Ядзька:] Што чуваць!.. Ад ліха ціха, дабра не відаць – як той казаў (Ф. Аляхновіч. Няскончаная драма). – Што ж у вас тут, якія навіны? – Ад ліха – ціха, дабра не чуваць... (А. Гарун. У Панасавым сяле). * – Скажыце, суседзе, мо чуў што важнае, ідучы па свеце? – Эт, усюды тое самае: ціха ліха і дабра нідзе няма (У. Галубок. Ліпавічок). – Насовіч, с. 122: Ад ліха ціха, ды і дабра не чуваць; Прыказкі, кн. 1, с. 451: Ад ліха ціха, а дабра не чуваць
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

абедзеш
32 👁
 ◀  / 696  ▶