Àкладу няма ладу; Тое, што можна зрабіць сёння, не трэба адкладваць на заўтра. – Дык жа можна схадзіць па венікі і заўтра. – Адклад не ідзе на лад. Рабі, што я табе сказала, – строгім голасам загадала Вера (М. Паслядовіч. Па воўчых сцежках). – Чым хутчэй, тым лепш. – Ты так лічыш? – Старыя людзі кажуць: адклад не ідзе на лад (Б. Сачанка. Вялікі Лес). Сёння, Міхась, не забудзься скокнуць да маці. Адклад не ідзе на лад (І. Капыловіч. Дача). [Жлукта:] Я думаю зараз жа адпраўляцца ў паход. [Клава:] Можа б на заўтра адклаў? [Жлукта:] Адклад не ідзе ў лад (К. Крапіва. Мілы чалавек). – Дык так, Міронавіч, бярыцеся за справу, – сказаў Адзінец. – Перадавайце брыгаду. Адклад не ідзе ў лад, сёння і пачынайце (Э. Ярашэвіч. Практыка ў Вербічах). – Калі падаваць машыну? – Адклад не ідзе ў лад, давай сёння і рушым (У. Ліпскі. Крутыя вёрсты). * – Трэба ў Курані... – Зараз? – А чаго ж? – Башлыкоў па-таварыску дадаў: – Адклад, кажуць, не ў лад (І. Мележ. Завеі, снежань). Гаварыць, узгадніць трэба, параіцца. А чаго ж валаводзіць? Хіба адклад ідзе на лад? (М. Ткачоў. Згуртаванасць). – Насовіч, с. 121: Адклад не ідзець на лад; Прыказкі, кн. 1, с. 173: Адклад не ідзе ў лад; Адклады не ідуць на лады. Ад крывога дрэва не бывае прамога ценю. Свае недахопы, заганы дзеці пераймаюць ад бацькоў. Сін.: Вецвейка ад дрэва недалёка адскочыла; Калі бацька рыбак, то і сын глядзіць на ваду; Яблык ад яблыні недалёка падае; Якая клёпка, такая бочка, якая маці, такая дочка; Які куст, такі і адростак; Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі і сын; Якое карэнне, такое і насенне. Дзеці – дакладны паўтор сваіх бацькоў... Прырода ўсё роўна сваё возьме. Рана ці позна, але возьме. Нездарма народная мудрасць гаворыць: «Ад крывога дрэва не бывае прамога ценю» (В. Кадзетава. Сямімужніца). Адкуль сіраце бацьку ўзяць. Пра стан адзіноты, пакінутасці, безнагляднасці. Вам даводзілася бачыць Нямігу? Не, не тую, што як вымавілася, дык і ўспомнілася, – вы падумалі пра вуліцу. Была такая, была. Вузенькая, крывая, не сказаць каб бліскучай чысціні, бо адкуль жа, як адзначыла прыказка, сіраце бацьку ўзяць? (М. Лужанін. Берагі залатыя Нямігі). – Прыказкі, кн. 2, с. 105: Дзе сіраце бацьку ўзяць, калі яго зроду не было. Ад лені не гнуцца калені. Іранічна кажуць пра лянівага чалавека. [Халімон:] Язык у цябе вот ніяк не адваліцца. Малоціць
44 👁