Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ßўсё роўна даведаюцца – шыла ў мяшку не ўтоіш... (В. Блакіт. Шануй імя сваё). * Які б ні быў Мароз асцярожны, а, ведаеш, што-нішто вылезла, як шыла з мяшка (В. Быкаў. Абеліск). Гэты факт, які ніяк нельга абмінуць, хоць калі-небудзь ды ён можа нагадаць пра сябе. Гэта як шыла ў мяшку (У. Дамашэвіч. Німфа). Любая, нават мізэрная радасць, што шыла ў мяшку. Ну паспрабуй яе схаваць! (П. Палітыка. Свой хлопец). – Насовіч, с. 186: Шыльца ў мяшэчку не ўтоіш; Прыказкі, кн. 2, с. 479: Шыла ў мяшку не схаваеш; Шыла ў мяшку не ўтоіцца (не ўхаваеш, не ўтоіш). Шэпты хату зводзяць (губяць). Гаворыцца з неадабрэннем, калі хто перашэптваецца, сакрэтнічае. Івацэвічыха.. сказала мужчынам: – Ці то вы што задумваеце, ці рабіць вам няма чаго – усё шэпты ды сакрэты... Шэпты хату зводзяць (Я. Рамановіч. Камароўскія мы...). [Радаслаў:] Я чую, што вы тут занадта гучна пагаварылі. [Загорскі:] А нашто шаптаць, шэпты хату зводзяць, як гаворыцца (В. Адамчык. Чорны цмок, або Яблык спакусы). Свякроў не любіла, калі мы перашэптваліся, усё казала: «Шэпты хату губяць» (Л. Марушка. Сутыкненне). [Кастусь:] Я хачу з табой пагутарыць. [Пронка:] Ведаю я твае гутаркі... [Алесь да Кастуся і Пронкі:] Шэпты хату губяць (І. Ільінскі. Лес цёмны). – Федароўскі, с. 299: Шэпты хату губяць; Прыказкі, кн. 2, с. 44: Шэпты хату губяць; Шэпты хату зводзяць і вуглы разносяць. ß Яблык ад яблыні далёка не адкоціцца. Гл. Яблык ад яблыні недалёка падае (коціцца). Яблык ад яблыні недалёка падае (коціцца). Свае недахопы ці станоўчыя рысы дзеці пераймаюць ад бацькоў. Сін.: Ад крывога дрэва не бывае прамога ценю; Вецвейка ад дрэва недалёка адскочыла; Калі бацька рыбак, то і сын глядзіць на ваду; Якая клёпка, такая бочка, якая маці, такая дочка; Які куст, такі і адростак; Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі і сын; Якое карэнне, такое і насенне. – Праўду гавораць – яблык ад яблыні недалёка падае, – не слухаў, наступаў Арцём Іванавіч. – Быць таго не можа, каб у такога бацькі было паважнае дзіця. Гэта я ўжо ведаю (І. Мележ. Дом пад сонцам). [Ірэна:] Ну, а ты, як твой [бацька]? Яблык ад яблыні недалёка падае. [Станіслаў:] Вядома, кожны
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
11 👁
 ◀  / 696  ▶