Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Ø* У народзе кажуць: не шукай жонку ў карагодзе, а шукай на рабоце. Эх, колькі цудоўных майстроў паслаў Бог нашай старонцы. І прадуць кудзелю, і ткуць палатно, і вышываюць (Беларуская думка. 2007. № 3). – Прыказкі, кн. 2, с. 27: Не выбірай дзеўку ў карагодзе, а шукай у агародзе. Шукай цар царыцу, а пастух пастушку. Жонку трэба выбіраць сярод роўных сабе. [Кудрачок:] Вось выведу дачку ў людзі [выдам замуж] – тады можна і ў труну. [Несцерка:] А чым Андрэй не людзі? Шукай цар царыцу, а пастух пастушку (У. Бутрамееў. Новыя прыгоды Несцеркі). – Федароўскі, с. 47: Шукае цар царыцы, а пастух пастушыцы. Шукайце і знойдзеце. Функц. не зам. Каб знайсці што-н., трэба шукаць. Яго [Барыса Кіта] талерантная натура прагнула Міру і душэўнай гармоніі, пры якіх толькі і магчыма было разгарнуць свае стваральныя здольнасці. Тое надарылася не адразу, але, як сказана, – шукайце і знойдзеце. Спадар Кіт шукаў (В. Быкаў. Цярновы шлях). Людзям жа ён заўсёды казаў-вучыў: – Прасіце – і дасца вам, шукайце – і знойдзеце, стукайцеся – і адчыняць вам (А. Бароўскі. Сцеражыся майго гневу). – Паўкалька з царкоўнаславянскага тэксту Бібліі (Матфей, 7, 7): Ищите и обрящете. Шчасце адно не ходзіць, бяду за сабою водзіць. Кажуць, калі каго-н. раптоўна напаткае бяда. Волька выпраўляла Марціна з плачам, быццам ён ужо садзіўся ў турму. Сказала яму, стрымліваючы слёзы, але ўсхліпваючы: – Гэта ўсё-такі праўда: шчасце адно не ходзіць, бяду за сабой водзіць... (В. Каваленка. Падвышанае неба). Рада маці. Усе ёй зайздросцілі. Але праўду людзі кажуць: шчасце адно не ходзіць, бяду за сабою водзіць. Трапіў яе сын пад страшэнную навальніцу. Як ляснула маланкай, ён і ўпаў нежывы (В. Шырко. Хай людзі бачаць). У народзе кажуць: «Шчасце адно не ходзіць, бяду за сабою водзіць». У 1989 годзе пасля цяжкай хваробы адышла Лідзія Цімафееўна ў іншы свет (Л. Целеш. Дарога іх жыцця). Шчасце не конь – у аглоблі не запражэш. Дасягнуць шчасця, поўнага задавальнення жыццём – не лёгкая справа. – А ты сама твары сабе лёс! Нечага чакаць міласці ад Бога. – Шчасце не конь – у аглоблі не запражэш (Настаўн. газ. 2000, 7 снеж.). Шчасце не конь, у аглоблі не ўпражэш і не паедзеш. – А ты што рабіў трыццаць год? – З хвосцікам. Шмат чаго. Шчасце не конь, у аглоблі не ўпражэш і не паедзеш... (А. Лобан. Чужая – і мілая
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
9 👁
 ◀  / 696  ▶