ØЗарабляюць многа. Папросіш падсобіць – плаці. Што ступіў, то прыплаціў (Л. Левановіч. Чабор). Што ў каго (каму) баліць, той пра тое (аб тым) і гаманіць (гаворыць, крычыць). Кожны гаворыць пра набалелае. Сін.: Што каму дапякае, той пра тое і гукае; Што каму рупіць, той тое і жупіць. Што ў каго баліць, той аб тым і гаманіць (назва раздзела ў рамане Р. Мурашкі «Сын»). – Зноў ты пра сваё... – Што ў каго баліць, той пра тое і гаварыць, – растлумачыў ён [Зорык] (І. Новікаў. Да світання блізка). Словам, што ні выступленне, то рэцэпт, як пазбегнуць грому і маланкі. Вось ужо і праўда: што каму баліць, той пра тое і крычыць (І. Аношкін. Страшная помста). * Некалькі дэлегатаў драмалі, сёй-той быў заняты перыёдыкай і мастацкай літаратурай, а дзве жанчыны горача абмяркоўвалі, ці будуць у перапынку гандляваць цукеркамі. Як кажуць, у каго што баліць. Толькі незразумела: навошта гэтыя людзі згаджаліся ісці на канферэнцыю? (Звязда. 1999, 16 кастр.). – Ляцкі, с. 49: У каго што баліць, той аб тым і гаварыць. Што ўложыць хам, то не выме і пан. Часцей гаворыцца як пагроза сурова пакараць каго-н. [Язэп:] Ідзі, пляга! А то... пачакай!.. Калі толькі прагаворышся каму-небудзь – нашых рук не мінеш... Што ўложыць хам, не выме і пан! Ідзі (З. Бядуля. Салавей). Якіх толькі дактароў не прывозілі – нічога не парадзяць, бо яму [пану], мабыць, Рымша адсадзіў печанцы. А што ўложыць хам, то не выме і пан (А. Якімовіч. Пану навука). – Насовіч, с. 190: Што ўкладзець хам, не выймець і пан; Прыказкі, кн. 1, с. 323: Што ўложыць хам, таго не выме і пан. Што ў цвярозага ў галаве (на розуме), то (тое) у п'янага на языку. П'яны чалавек лёгка выказвае тое, што раней стрымліваўся сказаць. – Ты зусім ап'янеў, Франэк... – Не, Баніфацый... – Цвярозы ты мне гэтага не сказаў бы. – Заўважыш, пане: што ў цвярозага ў галаве, то ў п'янага на языку (А. Чарнышэвіч. На сажалках). Хто ведае, можа, сам камендант даручыў ахове прыглядаць за Шпунцам, бо асцерагаўся, каб ён не натварыў чаго? Ад такога можна ўсяго чакаць: што ў цвярозага ў галаве, то ў п'янага на языку (М. Аўрамчык. Палон). Гэтая грубая, крыўдная няпраўда, хай сабе і з вуснаў п'янаватага Ігара (што ў цвярозага ў галаве, то ў п'янага на языку), балюча торкнула Клаўдзю, але – о дзіва! – ніколечкі не абразіла (В. Блакіт. Вырай). Прымаўку – «што ў цвярозага ў галаве, тое ў п'янага на языку» – чамусьці не хацелася браць за правіла, хоць яна ўвесь час і круцілася ў галаве (У. Ягоўдзік
Дадатковыя словы
апянеў, пянаватага, пянага, пяны
6 👁