Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Øполе, што бацькі ёй аддалі ў пасаг. Пераарана абы-як! Зглумілі зямлю! – Што пасеюць, тое і пажнуць (З. Дудзюк. Слодыч і атрута). 2. За свае справы, учынкі даводзіцца расплачвацца. [Дубовік:] Некалькі хвілін таму назад цешыліся з яго работы... [Жыгалка:] Чалавек з сілы выбіўся... і... [Смык:] Што пасееш, тое і пажнеш (І. Гурскі. Новы горад). Як насенне перад тым, як кінуць яго ў глебу, правяраецца па некалькі разоў, так павінна правярацца кожнае слова, што адрасуецца дзецям. «Што пасееш – тое і пажнеш», – не ў меншай меры, а яшчэ ў большай адносіцца да таго поля, назва якога – юная чалавечая душа (Б. Сачанка. Дбаючы пра заўтрашні дзень). * Работа ў іх – курам на смех, работа ў іх ідзе за плот, а як пасееш, так пажнеш, такі мець будзеш умалот (Я. Купала. Над ракою Арэсай). Як ты гукнеш, так адгукнецца, а што пасееш, тое жнеш. Сваё сябрам адкрыеш сэрца – душу сяброў пазнаеш лепш (Я. Непачаловіч. Маё крэда). Партызанскія сілы растуць з кожным днём. Мы не дамо жыцця захопнікам. Яны пажнуць тое, што пасеялі (І. Шамякін. Глыбокая плынь). Мы вучым дзяцей хлусіць, мы падрываем веру ў справядлівасць, сумленнасць, чысціню. А потым уздыхаем: чаму старшакласнікі нахабныя, бессаромныя цынікі? Мы жнём тое, што сеем (Л. Левановіч. Якар надзеі). – Паходзіць з Бібліі (Пасланне апостала Паўла да Галатаў, 6, 7): «Не падманвайцеся: Бог зганьбаваны не бывае. Што пасее чалавек, тое і пажне». – Прыказкі, кн. 1, с. 128: Што пасееш, тое і пажнеш. Што праўда, то не грэх. Што было на самай справе, тое трэба прызнаваць. Што праўда, то не грэх: набудавалі мы з табою, Сяргей Віктаравіч, нямала. Але ўсё-такі вечная спешка нам шкодзіла... Нам абы хутчэй і болей... (І. Капыловіч. Асенні гром). А вось тыя з праўдаю не прыбеглі да цябе, па хатах сядзяць. А я знаю, што перш да маткі трэба, як жа ёй, беднай, не знаць нічога. Што праўда, то не грэх (А. Кажадуб. Стрэчанне). [Скарына:] Дык што гаспадар казаў? [Слуга:] Што пан доктар чараўнік і іезуіт. [Скарына:] Што праўда – то не грэх (М. Адамчык, М. Клімковіч. Vito brevis, або Нагавіцы святога Георгія). – Насовіч, с. 189: Што праўда, то не грэх; Янкоўскі, с. 158: Што праўда, то не грэх. Што ступіў, то прыплаціў. Кажуць з неадабрэннем пра таго, хто за ўсякую паслугу хоча, каб яму заплацілі. [Дзед Змітрок:] Цяперака... на талаку цяжка ўзварушыць людзей. Сытыя сталі
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
15 👁
 ◀  / 696  ▶