Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ØШто ні галава, то і розум. Кожны мяркуе інакш, пасвойму, не так, як іншыя. Гаворыцца, калі людзі па-рознаму падыходзяць да якой-н. справы. Партызаны аказаліся з розных атрадаў, і, як часта бывае, што ні галава, то розум (У. Карпаў. Сотая маладосць). Яны [суседзі] там не сядзяць склаўшы рукі. Узялі спарылі пярэднія колы – і зусім іншы ход у камбайна... Во людзі – што ні галава, то розум! (І. Капыловіч. Асенні гром). – Падлатаць можна было б, ды холадна. – Мы ў хату ўнясём невад. – Што ні галава, то розум (М. Воранаў. Перад адлігай). Адносна таго, якім спосабам ліквідаваць гэтыя недахопы [у арфаграфіі], існуюць самыя розныя погляды. Тут што галава, то і розум (К. Крапіва. Пытанні беларускага правапісу). – Што гаварылі?.. – Ну-у... Што ты... запіў... – І як рэагавалі на гэта? – Па-рознаму. Што галава, то і розум, – дабрадушна ўсміхнуўся Міхась (Б. Сачанка. Белая мыш). – Калька з лацінскай мовы: Quot capita, tot sensus або Quot homines tot sentential. Цытата з камедыі «Фарміён» рымскага паэта Тэрэнцыя (ІІ ст. да н. э.). – Насовіч, с. 188: Што галава, то розум; Ляцкі, с. 60: Што галава – то розум. Што ні год, то ўдод. Кажуць пра сям'ю, у якой часта нараджаюцца дзеці. Сін.: Што гадок, то і ядок. І ўпрочкі бегаць не было куды. А потым ужо – куды пабяжыш, калі пасыпаліся дзеці: што год, то ўдод (М. Гарэцкі. Віленскія камунары). [Дар'я:] А мы, Галечка, раджалі іх [дзяцей] без плана. У другіх бывала: што ні год – то ўдод. Нічога, раслі. Якія людзі выраслі! (І. Шамякін. Выгнанне блудніцы). Замуж выйшла. Ну, думала, адпачну за мужыком. А яно пайшло: што год, то ўдод: Яўхім, Марына, Сцяпан, Адарка. Ды памерла трое (І. Сяркоў. Мы – хлопцы жывучыя). – Насовіч, с. 188: Што год, то ўдод; Янкоўскі, с. 139: Што год, то ўдод. Што ні край, то і, свой абычай (звычай). У кожным краі свае звычаі. – А вы скажыце Піліпу, няхай сходзіць да старасты, каб жанок выслаў. Гэта ўжо яго клопат. – Што ні край, то свой абычай, – сказаў настаўнік і папрасіў бабку паклікаць стоража (Я. Колас. На ростанях). Ды і само ж Палессе – неаднароднае. Тое, што характэрна для адной яго часткі, зусім неабавязковае для другой. Тут, як кажуць, што ні край – то і свой абычай (Б. Сачанка. Вечны кругазварот). Во, праўду такі кажуць: «Што край, то звычай». У нас гэтак конна не ездзяць (В. Ластоўскі. Прыгоды Панаса і Тараса). Піша [Кася], што там, у Латвіі, не сярпом, а нейкім на
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

даря, сямю
10 👁
 ◀  / 696  ▶