Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Ø– Прыказкі, кн. 1, с. 408: Што лапці зробяць, таго боты не паправяць. Што маем – не шануем (не беражом), а як страцім (згубіўшы) – плачам. Ужываецца ў дачыненні як да канкрэтных прадметаў, так і да асоб. Ён успомніў сустрэчу з Марынай у лесе, яе просьбу астацца ў брыгадзе. Каляда абвінаваціў сябе, што так здарылася. Яму чамусьці прыгадалася прыказка: «Што маем – не шануем, а як страцім – плачам» (І. Гурскі. У агні). Ён даруе сваім былым жонкам, і яны яму няхай даруюць. Як у той прымаўцы: што маем – не шануем, а як страцім – плачам (Звязда. 2000, 9 снеж.). – Нельга без практыкі! Іграць п'есу без усялякіх слоў аднымі рухамі – не казкі казаць! – Слава губіць чалавека. – Ды мне б хоць крыху таго, што ёсць у яе, я б начавала на рэпетыцыях! – Мы што маем, не беражом, а згубіўшы – плачам (С. Уласевіч. Дзякую). – Паўкалька з рускай мовы: Что имеем, не храним, потерявши – плачем. Паводле паходжання гэта афарызм К. Пруткова. Што напішаш (напісана) пяром, то не вырубіш (не высечаш) тапаром. Тое, што напісана і стала вядомым, ужо не заменіш, не выправіш. [Навум:] Няма чаго казаць, пане аляндару! Рынуў слаўцом, як пярцом; а што напішаш пярцом, то не вырубіш тапарцом (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). – Вам можа за гэта так уляцець, – пагрозлівым тонам сказаў Крушынскі, – што самі шкадаваць будзеце. Што напішаш пяром – не вырубіш тапаром! (З. Бядуля. Язэп Крушынскі). Мала што горкае слова выкіне ў вочы, але яшчэ не раз і запіша, а ўжо ж ведама і з прыказкі – што напісана пяром – не высечаш тапаром. Запісанае пяром перажывае вякі і торкае праўдай, як пальцам у вочы... (В. Ластоўскі. Паншчына). Можа, гэта і праўда, што ўсё, што напісана пяром, не высечаш тапаром. Але ж напісанае пяром вельмі лёгка сцерці звычайнай гумкай (Б. Сачанка. Манпансье з гарчыцаю). Парфір.. хацеў паказаць, што ўсё гэта запісана на паперы, а што напісана пяром, не высечаш тапаром (Л. Левановіч. Дзікая ружа). * А жыла ж [песня] каб век вяком, спішу на паперы, бо што спісана пяром, не выйме й сякера (Я. Купала. Песня аб песнях). [Бабкоў] зрабіў вывад, што заносіць лічбу ў падпісны ліст. Поп кінуўся да стала, каб спыніць старшыню, бо што запісана пяром... (І. Шамякін. Трывожнае шчасце). – Насовіч, с. 189: Што напісана пяром, не вырубіш і тапаром; Прыказкі, кн. 2, с. 182: Што напісана пяром, не высечаш і тапаром
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

песу
5 👁
 ◀  / 696  ▶