Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ØШто блюдзём, то і людзём. Што захоўваем, зберагаем, тое становіцца набыткам іншых людзей. Адкуль жа бярэцца наша сіла? Скуль яна, беларуская мадэль, да якой мы ўзялі ў разумных людзей патрошку? Яна ад руплівасці, як казалі дзяды: што блюдзём, то – і людзём (М. Палескі. Агонь у шапцы). – Насовіч, с. 187: Што блюдзём, то людзём (з тлумачэннем: «Кажуць часцей з прыкрасцю, калі зберажоны толькі для сябе прадмет застаецца іншым»). Што будзе міру, тое (то) і бабінаму сыну. Што выпадзе ўсім, тое будзе і нам (мне, табе і пад.). Мы з дзедам запрэглі Арла ў сані, узялі пілу і сякеру ды рушылі за людзьмі ў пушчу па дровы. «Што будзе міру, – сказаў дзед устрывожанай матцы, – тое і бабінаму сыну» (А. Якімовіч. Канец сервітуту). А ўжо, браток, што будзе міру, тое і бабінаму сыну... Калі мы ўцалеем, то і цябе не выдадзім. Можаш не турбавацца (І. Сіняўскі. На правым флангу). – Гэта ж трэба дадумацца: тры сельсаветы зганяць у адну камуну. І ўправы на іх не знойдзеш... – Што міру, тое і бабінаму сыну... (А. Асіпенка. Лабірынты страху). – Хай бы ішла [Зіна] з намі! – Куды? – Куды мы, туды і яна. Што міру, то і бабінаму сыну (Р. Няхай. Сарочы лес). Не плач, дачка, не плач, ты ўжо не малая. Што міру – то і бабінаму сыну. Будзем, як і ўсе... (І. Пташнікаў. Тартак). – Не хацелі вам гаварыць, каб не хваляваць, не ўзнімаць панікі. – Надта б вы мяне ўсхвалявалі, – адказваю я. – А наконт панікі – то я не панікёрша і наогул што міру, то і бабінаму сыну (Л. Арабей. Каранцін). – Насовіч, с. 189: Што міру, то й бабінаму сыну; Прыказкі, кн. 1, с. 372: Што міру, тое і бабінаму сыну; Што ўсяму міру, то і бабінаму сыну. Што будзе, тое (то) будзе, а Саўка (Грышка) на куце не будзе. Выказванне поўнай рашучасці дабіцца таго, каб хто-н. не ажыццявіў сваіх намераў, пацярпеў паражэнне. [Навум:] Ты намі паневяраў, апошняе выдзіраў; цяпер мы, паганскі сыну, дадзім добра чосу ў спіну! Бо што будзе, тое будзе, Саўка на куце не будзе! (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). – Прыказкі, кн. 1, с. 434: Што будзе, то будзе, а Грышка на куце не будзе. Што было, тое (то) сплыло. Кажуць пры нежаданні ўспамінаць пра што-н. з мінулага. [Паўлінка:] А даўно гэта таткаў гняды ўцёк з Лужанкі, і татка дамоў пехатой прытрапаў? [Сцяпан:] Што было, тое сплыло і болей, каханенькая, родненькая, не будзе
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
6 👁
 ◀  / 696  ▶