Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ØЧыя б кароўка (карова) мычала, а твая (чыя) б маўчала (памаўчала). Не табе пра гэта гаварыць. Кажуць з незадавальненнем у адказ на папрокі, абвінавачванні таго, хто сам чым-н. абняславіў, запляміў сябе. Маўчым... І маўчаць будзем. Вунь сказаў я раз, дык твой жа, ну, сакратар ячэйкі твае, і сказані мне: «Чыя б кароўка мычала, а твая б маўчала...» (М. Лынькоў. Апошні зверыядавец). – У нас другога покуль добра па галаве не дзеўбанеш, дык ён не паварушыцца... – А першага цябе! – Чыя кароўка мычала б, а твая маўчала б!.. (І. Шамякін. У добры час). – Праз такіх, як ты, чарцей паласатых, поле лысае. Ці ж гэта работа?! – Ша! Ша! Работнік! – агрызаецца Міця. – Чыя б кароўка мычала, а твая маўчала (А. Макаёнак. Твой хлеб). – Ніяк, дзядзька, ад дармаўшчынкі не можаш адвыкнуць? – упікнуў Халадовіча Міша Самок. – Чыя б кароўка мычала, а твая б маўчала, – са злосцю кінуў Ігналь (І. Сіняўскі. Дарога на Замлынне). – Быў жа Віця першым вучнем і ў пятым і ў шостым класе з восені? Быў. – Быў ды сплыў. Во!.. – Чыя б кароўка мычала, а твая памаўчала, – дакорліва глянула Ліда на брата (А. Пальчэўскі. Тайна аднаго звяна). [Жлукта:] Глупства ты гаворыш. Наогул мяне гэта мала турбуе, але ты павінна трымаць сябе больш прыстойна. [Клава:] Чыя б карова мычала, а чыя б і памаўчала (К. Крапіва. Мілы чалавек). – Ліцвінка, с. 66: Чые б цяляты мычалі, а твае б маўчалі. Ø Шавец заўсёды ходзіць без ботаў. Той, хто робіць што-н. для іншых, не мае магчымасці зрабіць гэта для сябе. Сін.: Ганчар гаршкі лепіць, а сам у чарапку есці варыць; Шавец у падзёртых ботах ходзіць. – У нас нават прымаўка пайшла ў народзе: шавец заўсёды без ботаў. Гэта пра нашага тутэйшага шаўца. Можа, дзе шаўцы іншыя. А наш гэтакі (К. Чорны. Ідзі, ідзі). Галя толькі яшчэ на дзеўку бралася, калі ў іх вёску, Гаросіцу, прыйшлі з Касцюкоў краўцы-кажушнікі, два здаравенныя панурыя браты. Абодва ў доўгіх кажухах, нібы ў доказ таго, што не заўсёды шавец ходзіць без ботаў... (Я. Брыль. Галя). Шавец ходзіць без ботаў. Шавец ходзіць без ботаў, катэгарычны імператыў, вечны, як сама зямля. Я зрабіла людзьмі тысячы дзяцей, а свой сын вырас вылюдкам. Дык навошта яно, усё маё жыццё?.. (М. Герчык. Вяртанне да сябе). – Федароўскі, с. 237: Кажан шавец без ботаў ходзіць
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
11 👁
 ◀  / 696  ▶