прыняццем рашэння. Сін.: Воўк не з'еў, дык бугай не забадае; Дзвюм смерцям не бываць, а адной не мінаваць (у 2 знач.); Спроба не хвароба. – Дык вось што я надумаўся: давай махнём у Амерыку. Грошы ў мяне трохі ёсць, рахманага агента мы знойдзем... – Чорт яго, брат, ведае. Ніколі аб гэтым не думаў... – А ты падумай. Лепш ветру ў чыстым полі, чым за высокімі агароджамі... – Згодзен! Чым чорт не араў, тым і сеяць не стаў. Хоць свету пабачым (Я. Колас. На ростанях). Я не вярнуўся назад, мне, неразважнаму, тады здавалася ўсё, што праз нішто ніякае наробіш спалоху і падазронасць падзе на цябе. Ды, кажуць, чым чорт не араў, тым сеяць не будзе, – я рашыўся на ўсё (В. Адамчык. На крыжавых дарогах). Ярошка нібы ачнуўся ад задумлівасці і, махнуўшы рукою, сказаў: – Давай! Чым чорт не араў, тым сеяць не стаў (У. Дамашэвіч. Студэнты апошняга курса). – Насовіч, с. 23: Дзе чорт не араў, там і сеяць не будзець; Прыказкі, кн. 1, с. 385: Чым чорт не араў, тым і сеяць не будзе. Чым чорт не жартуе, калі (пакуль) бог спіць. Усё можа здарыцца, усякае бывае. Гаворыцца, калі дапускаюць магчымасць чаго-н. нечаканага, непрадбачанага. Зноў жа: калі яшчэ будзе тая машына, калі яна яшчэ сапсуецца ці трапіць у аварыю, а многія запісвалі адрасы няпрошаных майстроў. Я запісваць не запісваў, але адзін адрас запомніў. На ўсякі выпадак. Чым чорт не жартуе, калі бог спіць... (У. Шахавец. Блакітная мара). Няўжо Валодзік Струнеўскі за ёй [Ганнай] сапраўды тайком валочыцца? А ўсё можа быць... Чым чорт не жартуе, калі бог спіць... (В. Дайліда. Буслы над вёскай). І чым чорт не жартуе, калі бог спіць. Мо на самай справе ў Млынішчах прызямлілася лятаючая талерка, што, канешне, вельмі і вельмі сумніцельна (В. Казько. Выратуй і памілуй нас, чорны бусел). – Ой, у вас такая цікавая работа, увесь час ездзіце па рэспубліцы, па Саюзе, за мяжу... – Ну – за мяжу-то яшчэ не скора выберуся. А там – чым чорт не жартуе, пакуль бог спіць? (П. Місько. Ціхае лета). Чырвонае – белае ўсё перадзелае. З дапамогай чырвонцаў, грошай, хабару ўсё можна перарабіць. Часцей ужываецца з асуджэннем хабарнікаў. Сін.: Хто мажа, той і едзе. [Ціхон:] Гэты сабака Ліпскі падаў на мяне ў суд, што я яго адлупцаваў, дык вот і асэсара прыслалі. Ну, абдзярэ, як ліпку! [Куторга:] Вот дзіва, – на тое ён і асэсар! Заўваж толькі – у яго і рукі даўжэй, як у другіх людзей. Ты ведаеш яго прыпавесць: чырвонае – белае ўсё перадзелае... Гдзе ўнадзіцца юрыста, вымеце хату дачыста (В. ДунінМарцінкевіч. Пінская шляхта
Дадатковыя словы
зеў
22 👁