Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Чым на чужыне ў пярыне, лепей дома на мякіне. Пра замілаванне да роднага краю, які для кожнага чалавека найдаражэйшы, лепшы за іншыя, няродныя. Сін.: Чым за морам віно піць, лепш з Нёмана вадзіцу. Сцяпану моцна, як малому дзіцяці, захацелася дадому, у родную вёску. «Чым на чужыне ў пярыне, лепей дома на мякіне», – тузанула яго душу дакучлівая думка (І. Карэнда. Воплаўская госця). Чым рыжэй, тым даражэй. Гаворыцца як жартаўлівая ацэнка рыжага чалавека або як рэакцыя такога чалавека на слова «рыжы», пачутае ад суразмоўніка. Бацька як радаваўся, што чурылаўцы адметныя, не падобныя на іншых. Яго можна зразумець. Рудыя любяць сваіх дзяцей за тое, што яны рудыя: чым рыжэй, тым даражэй (В. Шырко. Вунь чурылавец пайшоў). – Прыказкі, кн. 2, с. 210: Што рыжэй, то даражэй. Чым такі скорам, дык лепш нішчымніца. Гаворыцца як ацэнка пры параўнанні двух чалавек або прадметаў. Такога, як Амелька, ніколі не пакахала б. Або што ён знайшоў у гэтай вяртлявай, як галка, Ігнасі? Усміхнулася сама сабе: чым такі скорам, дык лепш нішчымніца (П. Місько. Знахарка). – Прыказкі, кн. 1, с. 247: Як абы-якая заправа, дык лепей нішчымнае. Чым хата багата, тым і рада. Кажуць, калі прымаюць гасцей і просяць іх паблажліва аднесціся да таго, што маюць і чым сардэчна дзеляцца з імі. Сін.: Чым багаты, тым і рады. [Альжбета:] Старайцеся, госцейкі, старайцеся. Вось – сыр, масла, вяндліна!.. [Сцяпан:] Чым хата багата – тым і рада (Я. Купала. Паўлінка). [Якуб:] Дзякую. Калі ж неяк і піці сорамна. [Ян:] Чаму так? Чым хата багата, тым і рада (К. Каганец. Модны шляхцюк). Прымай, дзядзька Сцяпан, і мой уклад. Чым хата багата, тым і рада (Я. Брыль. У Забалоцці днее). То чэрпайце яшчэ малачко. Чым хата багата, тым і рада (Р. Сабаленка. Незамужняя ўдава). – Ого! – зноў ускінуў бровы Данілавіч і пасунуўся бліжэй да стала... І звярнуўшыся да мяне: – То давайма! Як людзі гавораць, чым хата багата... (Я. Пархута. Акварэлі аднаго лета). * Хто вясёлы, хоць і ў горы, таму слава, таму чэсць. Чым багата, рада хата, не жалейце піць і есць (Я. Купала. Адвечная песня). – Насовіч, с. 183: Чым хата багата, тым і рада; Прыказкі, кн. 1, с. 380: Чым хата багата, тым і рада. Чым чорт не араў, тым і сеяць не стаў (не будзе). Няхай так і будзе; варта рызыкнуць. Выказванне рашучасці перад
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
10 👁
 ◀  / 696  ▶