нях). Чухноўскі бачыў, што «чым далей у лес, тым больш дроў», сход раскалыхваўся не на жарты, нягледзячы на тое, што Верабей, не шкадуючы, стукаў лінейкай па стале (П. Пестрак. Серадзібор). [Трафімаўна:] Ратаваць чалавека трэба, вось што... Пакуль не позна... Бо вядома, чым далей у лес, тым болей дроў (В. Зуб. Марная трывога). Плюй ты на ўсе прычыны. Бо чым далей у лес, тым болей дроў. Ужо вунь і так абы-што на цябе людзі гавораць (Б. Сачанка. Вялікі Лес). Далей у лес – болей дроў. Ведаючы з практыкі, што далей у лес, болей дроў, стары больш не спрачаецца. Ён ведае, што Тадора дарэмна прыкідваецца сіратою (К. Крапіва. Мядзведзічы). [Дзяўчаты] усю душу выматаюць, перш чым скажуць што-небудзь пэўнае. Хопіць, хопіць, трэба ўцякаць ад іх, іначай далей у лес – болей дроў (М. Ткачоў. Пошукі скарбаў). Марылька нічога Сямёну не адказала. Такі ўжо ён чалавек: далей у лес – болей дроў (В. Мыслівец. Мужанцы). На гэты раз Галічэнка вырашыў памаўчаць: далей у лес – болей дроў (І. Скарынкін. Рэзерв камбата). – Насовіч, с. 32: Далей у лес, болей дроў (труску); Прыказкі, кн. 2, с. 489: Чым далей у лес, тым болей дроў. Чым за морам віно піць, лепш (лепей) з Нёмана (у Нёмане) вадзіцу. Пра замілаванне да роднага краю, які для кожнага чалавека найдаражэйшы, лепшы за іншыя, няродныя. Сін.: Чым на чужыне ў пярыне, лепей дома на мякіне. Але чаму так цягне да сябе бацькоўскі кут? І чым далей і даўжэй чалавек ад яго, тым мацней. Таму што на чужой старонцы не так свеціць і сонца? Ці таму, што прымаўка не дае спакою: «Чым за морам віно піць, лепш з Нёмана вадзіцу?» (М. Ткачоў. Свет – наш дом). Гаварыў жа я табе, што гарадскія булкі прыядуцца скора. Дык не, не паверыла, нават слязу пусціла, што не ўбачымся болей... – А нягож... Чым за морам віно піць, лепей у Нёмане вадзіцу... (І. Галубовіч. Кувала зязюлька). – Прыказкі, кн. 1, с. 290: Чым за морам віно піць, лепш з Нёмана вадзіцу. Чым мець абыякага, дык (то) лепей ніякага. Кажуць звычайна пра хлопца, жаніха, які не падабаецца таму, хто гаворыць. – Якая я панна!.. Хай пан шукае сабе панну. А мне... мне і так добра. – І нечакана з языка сарвалася: – Чым мець абыякага, дык лепей ніякага (В. Праскураў. Над Шчарай-ракой). – Янкоўскі, с. 241: Чым абыякага, то лепей ніякага; Прыказкі, кн. 2, с. 21: Чым абыякага, дык лепей ніякага
12 👁