чые вы будзеце...). Што ёй сказаць, Свеце, калі Ніка нічога пэўнага не сказала і сабе, сама нічога не разумела, – то хіба разбярэцца Света? Хоць і кажуць: чужую бяду рукамі развяду... (Т. Гарэлікава. Дзе лес шуміць). – У кожнай свая бяда, – сказала Ніна... – Нездарма гавораць: чужую бяду рукамі развяду. А што з сваёй рабіць, ніхто не ведае (А. Кажадуб. Стрэчанне). Яна [Мікіціха] разумная. Усіх разважыць і рассудзіць. Кажуць, чужую бяду і пальцам развяду (Я. Ермаловіч. Вясна). – І табе не трэба хвалявацца. – Кажаш, чужую бяду і пальцам развяду, – са злосцю прамовіў Алесь... (І. Сіняўскі. Заранка). *[Несцерка:] Не бойся, браце! Я тваю бяду рукамі развяду (В. Вольскі. Несцерка). – Прыказкі, кн. 1, с. 445: Чужую бяду рукамі развяду; Чужую бяду й пальцам развяду. Чужы дурань – смех, свой дурань – сорам. Пра пачуццё сораму, калі бачыш бязглузды ўчынак, дзівацтва блізкага чалавека. Чужы дурань – смех, свой дурань – сорам. Часам горкі, крыўдны і ганебны сорам. Такім вось дурнем быў той, на падлозе ў дзяжурцы, Букраба (Я. Брыль. Птушкі і гнёзды). – Аддавай назад [пярсцёнак]... – Праўду людзі кажуць: чужы дурань – смех, а свой – сорам. – Ну дык смейся (Ю. Кулік. Ноч на Івана Купала). – Янкоўскі, с. 139: Чужы дурань – смех, а свой – сорам. Чужы кажух цела не грэе. Нельга спадзявацца на чужое, а лепш мець сваё. Сін.: Чужое дабро не грэе. – Была я на тваёй радзіме. Спадабалася. Людзі як людзі. Скажы яму, што ён заўтра памрэ, усё роўна хату будуе. Нейкая ж сіла духу ёсць. А ты... – Дык давай паедзем туды! – Давай, давай, – абыякава адказала жонка і махнула на мяне рукой, маўляў, што далей гаварыць. – Герой цешчыны бліны есці. Чужы кажух цела не грэе (Г. Марчук. Кветкі правінцыі). – Прыказкі, кн. 2, с. 436: Чужы кажух (нікога) не грэе (не нагрэе). Чужымі рукамі жар заграбаць лёгка (добра). Лёгка карыстацца вынікамі чужой працы. Гаворыцца з неадабрэннем. – Не спяшайся ты так падтрымліваць галоўнага інжынера, бо хто гэта можа сказаць з упэўненасцю, да чаго тое [брыгадны падрад] прывядзе? – задумліва прамовіла Ларыса. – Самая ціхая і выгадная пазіцыя – мая хата з краю... – Самахоць у пастку лезеш, глядзі, даражэнькі, а то завыеш... Чужымі рукамі жар заграбаць лёгка... (І. Капыловіч. Асенні гром
9 👁