Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Насовіч, с. 184: Чорт чорта пазнаў, ды й на піва пазваў; Ляцкі, с. 40: Свой свайго пазнаў і на піва пазваў; Федароўскі, с. 67: Чорт д'ябла пазнаў, на піва пазваў; Прыказкі, кн. 1, с. 430: Чорт чорта пазнаў і ў госці пазваў; Свой свайго пазнаў і на піва пазваў. Чорт чорту спавядаўся: адзін мігнуў, другі дагадаўся. Кажуць іранічна пра тых, хто здружыўся і дзейнічае заадно. Сін.: Чорт чорта пазнаў і на піва пазваў. [З «Прыказак» К. Крапівы, апублікаваных у снежні 1944 г.:] Чорт чорту спавядаўся: адзін мігнуў, другі дагадаўся (Пра Гітлера і Франко). – Насовіч, с. 184: Чорт чорту спавядаўся: адзін мігнуў, другі дагадаўся; Янкоўскі, с. 359: Чорт чорту спавядаўся: адзін мігнуў, другі дагадаўся; Аксамітаў, с. 50: Чорт чорту спавядаўся: адзін мігнуў, другі дагадаўся. Чужая болька (рана, скула) не баліць. Чужая бяда не адчуваецца, здаецца не такой сур'ёзнай, як свая. Сін.: За чужой шчакой зуб не баліць; Чужую бяду рукамі развяду. – Думай, сем разоў мерай. Ніхто ў патыліцу не гоніць. «Ага, не гоніць... Што яшчэ скажаш, братухна? Што ты ведаеш пра маю жытку, акрамя плётак? Чужая болька не баліць, і пакуль дзіця не заплача, маці не дагадаецца... Але ж я не дзіця, а ты – не маці і не бацька мне. І слёз маіх не дачакаешся...» (П. Місько. Градабой). [Порхаўка:] Апошняя мая надзея – печ, дык сцягнулі. Вам добра смяяцца, чужая рана не баліць (І. Гурскі. Свае людзі). Сход яшчэ цягнуўся з гадзіну, але Драгун, стомлены напружаннем, ужо не так востра ўсё перажываў. Дзіўная чалавечая натура! Чужая рана не баліць... (У. Дамашэвіч. Камень з гары). Брыдкі быў свет. Даўней не пыталіся ў мяне, чаму нага такая [пакалечаная]: у кожнага свой клопат. Чужая скула не баліць (У. Кандраценя. Каханне). * У выніку, тыя, каму, як кажуць, дапякло, вымушаны адпрошвацца з работы, вучобы і шукаць паратунку ў іншых раёнах або нават у Мінску. Ніхто не падлічваў, колькі з-за гэтага траціцца часу, сродкаў... Зрэшты, чужое не баліць, і не міністэрства расплачваецца за няўвагу да нашых патрэб. А дарэмна (Звязда. 1998, 22 верас.). – Насовіч, с. 184: Чужая болька нікому не баліць; Янкоўскі, с. 240, 328: Чужая скула нікому не баліць. Чужая душа – пацёмкі (цёмны лес). Цяжка зразумець душэўны стан, намеры, настрой, паводзіны каго-н. Сін.: Душа чалавека не кажух, не вывернеш. Ці ўсур'ёз ён, ці жартуе – хто яго разбярэ: чужая душа – пацёмкі (М. Лынькоў. Журавель мой, жура
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

дябла, сурёзнай, ўсурёз
24 👁
 ◀  / 696  ▶