Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ся ўчора? І навошта нацягнула на сябе недарэчную гэтую хламіду? І чыя яна, дарэчы? (Г. Аўласенка. Прачнуўшыся раніцай). А наперадзе ж дыпломная праца. А тут, час ад часу не лягчэй, пранеслася чутка, што нам на наш дыпломны курс прысылаюць новага выкладчыка (Наша слова. 2007, 27 чэрв.). Час – гэта грошы. Функц. не зам. Гаворыцца як напамінак у сітуацыі, калі прамаруджанне нявыгадна (з фінансавага ці іншага боку). Добра, хопіць балбатаць, пара брацца за работу. Бачыце, кліент ужо чакае. Час – грошы! (Вожык. 1994. № 16). На Захадзе, а цяпер і ў нас кажуць: «Час – гэта грошы». Хто мае шмат грошай – можа набыць усё патрэбнае і без чаргі. Каштоўнасць усялякай рэчы вымяраецца тым часам, які спатрэбіўся чалавеку (або чалавецтву), каб яе атрымаць (Ю. Барысевіч. Чарга). Ты на маёй тэрыторыі бабкі збіраеш. Сячэш! А ўдзячнасці – нуль. Але твая праўда: час – грошы. Пайду і я працаваць (А. Кудласевіч. Пераход). – Цярпеннем трэба было запасціся, цярпеннем! – Цярпеннем... А забыў, што час – грошы? Не ведаеш, дзе выйграеш, дзе прайграеш (П. Місько. Грот Афіны). – Калька з англійскай мовы: Time is money. Выказванне належыць амерыканскаму палітычнаму дзеячу В. Франкліну, які ў кнізе «Парада маладому купцу» (1748) пісаў: «Памятай, што час – грошы». Час мінеш – век жывеш. Іншы раз неабходна адзіна правільна скарыстаць пэўны час, каб пазбегнуць бяды, небяспекі, немінучай пагрозы жыццю і пад. – Што ты думаеш рабіць, Міхась? Будзеш зашывацца ў падполле ці дасі арыштаваць сябе? – А што б ты, Ігнат, зрабіў на маім месцы?.. – Я б пастараўся адшукаць надзейны схоў, каб перачакаць там гэты час. Людзі кажуць: «Час мінеш – век жывеш» (М. Машара. Старонкі летапісу). Час – найлепшы (самы лепшы, добры, вялікі) доктар (лекар). Кніжн. Час найлепш лечыць фізічныя ці душэўныя траўмы. Час – найлепшы доктар, каб залячыць смутак аб дарагім і выдатным чалавеку (К. Чорны. Аб Э. Самуйлёнку). Трэба лячыць нервы. Самы лепшы доктар – час! (Я. Колас. Дзённікі). Не-не, мабыць, адышла трохі [Волька] пасля Апанасавай смерці... Час – добры лекар. Страта бацькі, потым мацеры.. паступова прытуплялася (Л. Арабей. Халодны май). Час – вялікі лекар. Вылечыў ён і мяне. Пакрысе забылася першае маё аднабаковае каханне (М. Пянкрат. Вясновыя напевы). – Калька з лацінскай мовы, упершыню ўжыў у «Споведзі» Аўгусцін (354–430 гг. да н. э
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
25 👁
 ◀  / 696  ▶