Прыказкі, кн. 1, с. 103: Чакай Пятра – з'ясі сыр. Чакай, цётка, Пятра – будзеш сыр есці. Гл. Чакай Пятра – сыр (сыру) з'ясі. Чакаць і даганяць горш за ўсё. Кажуць з незадавальненнем, калі прыходзіцца чакаць ці даганяць каго-н. З галавы [Гарбачэўскага] не выходзіла: адклад не ідзе на лад. Аднак нічога не зробіш, прыйдзецца чакаць. А чакаць і даганяць горш за ўсё (І. Гурскі. Чужы хлеб). Няма горш, як даганяць і чакаць. Мікола з Марусяй зайшлі ў клуб, а я прысланіўся ў цемнаце да старога клёна і смаліў цыгарку за цыгаркай. Няма горш, як даганяць і чакаць (В. Шырко. Споведзь правінцыяла). Выйшаў з вакзала на вуліцу. Няма горш, як даганяць і чакаць. Але што зробіш? Трэба чакаць – гэта лепш, чым даганяць (У. Дамашэвіч. Падкова на шчасце). Няма горшага – даганяць і чакаць: каго даганяеш – той уцякае, каго чакаеш – той пляцецца (М. Воранаў. Карона). * – Трэба дагнаць аўтобус. Муж паехаў у Польшчу і забыўся... – Э-х, маладзічка! Уцякаць і даганяць – самае найгоршае. Я ніколі нікога не даганяю і... не ўцякаю (І. Шамякін. Сатанінскі тур). – Рапановіч, с. 226: Няма нічога горай, як чакаць і даганяць; Ліцвінка, с. 117: Няма нічога горшага, як чакаць і даганяць. Чалавека вочы водзяць. Чалавек позіркам выбірае сабе напрамак руху, дарогу. – Тогда идите вот так... – начштаба паказаў рукою напрамак, а далей, як гаворыцца, чалавека вочы водзяць... Не будзь зломак... (К. Кірэенка. З аповесці вайны). – Федароўскі, с. 335: Чалавека вочы водзяць; Янкоўскі, с. 151: Чалавека вочы водзяць. Чалавек мяркуе, а Бог не чуе. Функц. не зам. Не заўсёды бывае так, як хто-н. мяркуе, хоча, разлічвае. Сін.: Бог плануе, а чорт руйнуе; Чалавек страляе, а чорт кулю носіць. Сябра сустрэў мяне на вакзале нейкі нездаволены. – Не шанцуе, ліха на яго!.. Нездарма кажуць, чалавек мяркуе, а Бог не чуе. Карацей, стары, да Кузьмы Нупрэевіча з табой паехаць не змагу – справы. Трэба зараз жа выязджаць у калгас (У. Краўчанка. Палессе). Чалавек мяркуе, а Бог распараджаецца. Ці ж гэта справядліва? Не, лепш не паглыбляцца, не разважаць. Нездарма кажуць, што чалавек мяркуе, а Бог распараджаецца. Што будзе, тое і будзе. А цяпер трэба думаць пра надзённае (В. Кадзетава. Вяртанне). Чалавек марыць, а Бог уладарыць. «Вось ажаню свайго Міколку, пабудуем новую хату і буду пры маладых няньчыць унукаў», – марыла немаладая, спрацаваная жанчына. Але, як кажуць, чалавек марыць, а Бог ула
Дадатковыя словы
зясі
12 👁