Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Öработы на камбайне ў мяне не было, калі не лічыць, што адзін год хадзіў у памочніках. Трэба да людзей прыглядацца, не рваць напачатку. Цішэй едзеш – далей будзеш (В. Шырко. Прадчуванне свята). Паціху едзеш – далей будзеш. [Дожджык] і крэпіць і крэпіць сабе, – паціху едзеш – далей будзеш (Р. Мурашка. Салаўі святога Палікара). Памалу едучы, далей будзеш. Хутка ён [Адам] ужо суцяшаў сябе: «Памалу едучы, далей будзеш. У цяньку можна лепш адсядзецца. Бо як яно павернецца, ліха яго ведае» (І. Новікаў. Дарогі скрыжаваліся ў Мінску). – Насовіч, с. 180: Паволі едучы, далей будзеш; Цішы едзеш, далей будзеш; Прыказкі, кн. 1, с. 278: Паволі едзеш – далёка будзеш; Памалу едзеш – далей заедзеш. Цягаў (цягнуў) воўк, пацягнулі і воўка. Прыйшоў час адплаты каму-н. за прычыненае ім зло. [Навум:] Добра вучыць нас прымоўка: цягаў воўк, пацяглі воўка. Цішком нас ты к сабе зваў, аб камісару пытаў. Мы ж языка не шчадзілі, добра яму засалілі (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). – Супакойся, Міша, – старшы следчы коратка ўсміхнуўся. – Ёсць старая народная прымаўка: цягаў воўк, пацягнулі і воўка. Суд народа скажа пра яго важкае слова (М. Паслядовіч. Па воўчых сцежках). – У лесе, каля нейкага Пералога, злавілі трох паліцыянтаў. – Вой, што робіцца... – Цягнуў воўк, пацягнулі й воўка, – ловячы ў місцы слаіста-дрыготкую грудку кіслага малака, зазначыў гаспадар (В. Адамчык. І скажа той, хто народзіцца). Насіў воўк, панеслі і ваўка (воўка). Гаспадарылі ж як хацелі, што ў галаву толькі прыходзіла, тое і рабілі. Але нічога, мінулася кату масленіца. Насіў воўк, панеслі і ваўка... (Б. Сачанка. Вялікі Лес). Арыштавалі А. Александровіча праз год – 1 ліпеня 1938 го-да. Заходнебеларуская прэса адрэагавала на гэта афарыстычна: «Насіў воўк – панеслі і воўка» (Я. Саламевіч. Праз гады). Чырвоны гальштук з яго [Міхася, бацьку якога – адказнага супрацоўніка з наркамата ўнутраных спраў, нядаўна арыштавалі] сарвалі так, што мяккая тканіна нечакана балюча шарганула па шыі. А яшчэ... нечы зласлівы шэпт: «Насіў воўк, панеслі і ваўка»... (Л. Рублеўская. Кветка малайскага лёну). * Цягнуў воўк – пацягнулі паляўнічага (Л. Дайнека. Парадаксізмы). – Насовіч, с. 15: Валачыў воўк авец, павалаклі і воўка; Прыказкі, кн. 1, с. 355: Пацягаў воўк, пацягнулі і воўка; Браў воўк, узялі і воўка; Насіў воўк, паняслі і воўка
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
8 👁
 ◀  / 696  ▶