Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÖЦі ты кпіш, ці дарогу (-і) пытаеш (напытваеш)? Ужываецца як іранічнае і рытарычнае пытанне да суразмоўніка ў сувязі з яго дзіўным або недарэчным выказваннем. – За выпіўку дзякую вам. Не бяру. – Ром – гэта выпіўка? Э-э, кпіш ты ці дарогу напытваеш? Ну, давай... – наліў ён толькі Сцяпану, у паўшклянку (С. Яновіч. Сцяна). * [Старшыня:] А кажуць жа, што вы схавалі жыта. [Паўліна, збянтэжана:] Што ты, братка! Смяешся ці дарогі пытаеш? (К. Крапіва. Канец дружбы). – Ляцкі, с. 56: Ці ты кпіш, ці дарогі пытаеш?; Янкоўскі, с. 203: Ці ты кпіш, ці дарогі пытаеш?; Рапановіч, с. 270: Ці ты кпіш, ці дарогі пытаеш? Ціхая вада берагі мые. Ціхі чалавек здольны на рашучыя, неспадзяваныя дзеянні, учынкі. Сін.: У ціхім балоце чэрці водзяцца; Хто ціха ходзіць, той густа месіць; Ціхая вада грэблю рве; Ціхая свіння глыбока рые. Тані трэба было з кім-небудзь гаварыць, шукаць спагады, адчуваць побач моцнае плячо. Што ж, ціхая вада берагі мые (А. Кажадуб. Стрэчанне). – Прыказкі, кн. 2, с. 300: Ціхая вада берагі мые (падмывае, разрывае). Ціхая вада грэблю рве. Ціхі чалавек здольны на рашучыя, неспадзяваныя дзеянні, учынкі. Сін.: У ціхім балоце чэрці водзяцца; Хто ціха ходзіць, той густа месіць; Ціхая вада берагі мые; Ціхая свіння глыбока рые. – А трактарыст гэты не промах, вось табе і ціхоня. – Ціхая вада грэблю рве, – адказала яму «немка»... (І. Шамякін. Вазьму твой боль). – Прыказкі, кн. 2, с. 300: Ціхая вада грэблі рве. Ціхая свіння глыбока рые (капае). Ціхі, скрытны чалавек здольны на рашучыя, неспадзяваныя дзеянні, учынкі. Сін.: У ціхім балоце чэрці водзяцца; Хто ціха ходзіць, той густа месіць; Ціхая вада берагі мые; Ціхая вада грэблю рве. [Данута:] Ён здольны малады вучоны... І па-свойму прыгожы: ціхі, уважлівы, далікатны. Да ўсяго гэтага – любіць мяне моцна... [Гануся:] Ціхая свіння глыбока рые... (Э. Валасевіч. Бывайце здаровы). – Затаіўся здраднік, жыве з намі тут побач... А хто? – Ціхая свіння глыбока капае, – задуменна сказаў Карабан (А. Кобец-Філімонава. Жаваранкі над Хатынню). – А ў яго друг быў, ціхманы, а хітры: такі і чорта ашукае, і богу не дадасць. – Ціхая свіння глыбока рые, – згадзілася з маці Маруся (В. Шырко. Хай людзі бачаць). Ціхая свіння глыбокі корань рые. Ціхі характарам чалавек звычайна вызначаецца
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
10 👁
 ◀  / 696  ▶