Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÖЦі з перцам, ці не з перцам, абы было з шчырым сэрцам! Ужываецца пры святочным частаванні як адно з праяўленняў гасціннасці, сардэчнасці ў абыходжанні з гасцямі. * З'яўляўся ў хаце госць, і як бы з усіх куткоў і шчылін гэтага дому адкуль толькі браўся прымус?! Просім да столу бяседу вясёлу! Ешце, абмачайце, а на лепшае – выбачайце! З печы, з полу – усё к столу! Ой, ці з перцам, ці з амберцам, абы са шчырым сэрцам! (А. Лойка. Як агонь, як вада). – Янкоўскі, с. 73: Ці з перцам, ці не з перцам – абы было з шчырым сэрцам. Цікаўнай Варвары сабакі нос адарвалі. Гаворыцца як уніклівы адказ суразмоўніку на яго залішнюю цікаўнасць, імкненне ўведаць што-н. – Дзе дастаў? – Еш. І не пытайся! Цікаўнай Варвары, кажуць, нос адарвалі!.. (І. Мележ. Мінскі напрамак). – Але ж ты першы выдумаў, што бомбу робіш... Гэта каб ты не сунуў свой кашачы нос куды не трэба. Але ж цікава... – Цікаўнай Варвары сабакі нос адарвалі (А. Зэкаў. Як Гаўка ў космас збіраўся). – Іш, цікаўная... Хіба не ведаеш, што цікаўнай Варвары нос адарвалі? (А. Бутэвіч. Апошняе ігрышча). – Рабкевіч, 106: Любапытнай Варвары нос адарвалі. Ці памёр Гаўрыла, ці яго скула задавіла. Няма ніякай розніцы паміж чым-н., што-н. абсалютна аднолькавае. – Мы вельмі зрабілі добра, што паправілі «змагацца з царскім ладам» на «змагацца з царскім рэжымам». – А! – махнуў рукою Нічыпар, – ёсць прыказка: «Ці памёр Гаўрыла, ці яго скула задавіла». Тое самае і тут. Лад, рэжым – адзін чорт (Я. Колас. На ростанях). Ды што тут мянціць языкамі, з пустога ў парожняе ліць? На Нёман хадзем з бусакамі, каму гэта справа баліць! Усё адзін чорт: памёр той Гаўрыла, ці скула яго задавіла, агледзець жа трэба хоць порт (Я. Колас. Прапаў чалавек). – Янкоўскі, с. 139: Ці памёр Гаўрыла, ці скула задавіла. Ці пан ці прапаў. Гл. Пан ці прапаў. Ці свінні елі, ці шляхта папасвалася (папаску мела). Праст. Кажуць з неадабрэннем пра непрыбраны пасля яды стол. [Альжбета:] Прыбірай ты ўжо, дзеткі, са стала. [Пранцісь:] Собственно, ці свінні елі, ці шляхта папасвалася – гэтак, вось-цо-да, стол выглядае, пане дабрудзею (Я. Купала. Паўлінка). [Лямэнт:] Ды тры дні гразь на стале. [Юзя:] Гэта ж вы з гасцямі елі, елі... Ці свінні елі, ці шляхта папаску мела (К. Чорны. Ірынка). – Прыказкі, кн. 2, с. 350: Ці свінні елі, ці шляхта папасвалася; Нельга пазнаць, ці шляхта ела, ці свінні папасваліся
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зяўляўся
18 👁
 ◀  / 696  ▶