Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÖЦераз сілу і конь не цягне. Больш за тое, што ў чыіх-н. магчымасцях, сіле, нельга зрабіць. Сін.: Вышэй пупа не падскочыш; Вышэй самога сябе не скочыш. [Шыбер:] І запасныя часткі звыш плана, і прамфінплан – як жа я ўпраўлюся? [Карнейчык:] Паспрабуй не ўправіцца! [Шыбер:] Цераз сілу і конь не цягне (К. Крапіва. Канец дружбы). [Курыльчык:] Раз я выканаў план, дык давай мне тое, што належыць. [Падабед:] А работы шмат не любіш? [Курыльчык:] Хто яе любіць – лішнюю? Цераз сілу і конь не цягне (К. Крапіва. Зацікаўленая асоба). – Раманаў, с. 314: Цераз сілу і конь не пацягне; Прыказкі, кн. 1, с. 142: Цераз сілу і конь не цягне (не бярэ, не возьме). Цешся, ліска, вяселле блізка – каўбасы з'ясі. Гаворыцца, калі паблажліва ставяцца да чыіх-н. заняткаў, учынкаў. Сін.: Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. На дзедава абурэнне песнямі Лазара Уладзік казаў: – Сапраўды, гэта не спевы, а скуголенне сабакі, які не прывык яшчэ да ланцуга. Ды няхай спявае. Цешся, ліска, вяселле блізка – каўбасы з'ясі (Я. Колас. На ростанях). – Янкоўскі, с. 239: Цешся, ліска, вяселле блізка, каўбасы з'ясі. Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю. Няма падстаў спадзявацца на ўдачу, поспех у якой-н. безнадзейнай справе. Цешыцца царскае самаўладства, што прыдушыла рэвалюцыю. Мы ж напомнім яму: цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю (Я. Колас. На ростанях). Група беларускіх партызан чытала фальшывую лістоўку. Чыталі, пасмейваліся. Адзін запытаўся: – Калі гэта было напісана? – У марце месяцы... – Ну, вось, бачыце... Ёсць такая прыказка ў нас: цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю... То ж будзе і з гэтым валацугам Гітлерам... Не ў маі, дык, можа, пазней, але свайго не міне... (М. Лынькоў. Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю...). – Насовіч, с. 181: Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно і ў маю нясуць яго да гаю. Ці за адну нагу вісець, ці за дзве – адна ласка. Аднолькавае пакаранне чакае каго-н. Кажуць пры згодзе зрабіць яшчэ што-н. і быць гатовым несці адказнасць за ўсё адразу. Сін.: Сем бед – адзін атвет. [Трахім:] А цяпер, можа, паскачам, кумка? Мацейка пайграе нам. [Паланея:] Ды ўжо ж, кумок!.. Ці за адну нагу вісець, ці за дзве – адна ласка (Я. Купала. Прымакі). – Прыказкі, кн. 1, с. 350: Усё роўна – за адну нагу павесяць ці за дзве; Усё роўна, ці за адну нагу вісець, ці за дзве целяпацца
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зясі
4 👁
 ◀  / 696  ▶