Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÖШто вы! – запярэчыў я, успомніўшы народную прыказку: «Хто языком штурмуе – не шмат наваюе» (І. Гурскі. Сталасць). – Рапановіч, с. 314: Хто языком штурмуе, той нямнога наваюе. Хто як хоча, так па свайму бацьку плача. Гл. Кожны плача па сваім бацьку, як умее. Худы – хоць куды, а тлусты – чалавек пусты. Хударлявы чалавек мацнейшы здароўем, чым тлусты. – Такая здэраў, такі таўсмач... Здавалася, зносу яму не будзе. – Худы – хоць куды, а тлусты – чалавек пусты. – І што – ніякага ратунку ўжо не было? (П. Місько. Градабой). Хутка (скора) каты робяцца, ды сляпыя родзяцца. Гаворыцца як парада не спяшацца з чым-н. Сін.: Паспех – людзям на смех; Паспяшыш – людзей насмяшыш. [Ігнат:] Кватэрамі са сваццяй хацелі абмяняцца і каб хутчэй. [Яснотка:] У нашага народа, калі чулі, ёсць такая прымаўка: хутка каты робяцца, ды сляпыя родзяцца. У Бранябойнага, у аддзеле чуласці, паверхам вышэй, вазьміце даведку... Тады і пагаворым (А. Петрашкевіч. Злыдзень). – Прыказкі, кн. 1, с. 180: Скора каты робяцца, ды сляпыя родзяцца. Ö Цаляеш у варону, а пападаеш у карову. Пра недагляд, промах у якой-н. справе. – Вы ж, мужчынкі, пэўна, без мяне абыдзецеся... Я ж надта баюся... – Ну, глядзі, а то заколем [парсюка], ды не таго... – Такой бяды, абы скварка... – Яно бывае і так: цаляеш у варону, а пападаеш у карову... – стары малацьбіт.. схаваўся ў настылай за ноч цемнаце сяней (В. Адамчык. Чужая бацькаўшчына). – Прыказкі, кн. 2, с. 310: Лучаў (меціў) у варону, а папаў у карову. Цаца-цаца, ды ў кішэнь. Кажуць, найчасцей жартаўліва, таму, хто, прыхільна ставячыся да каго-н. ці чаго-н., можа закахацца ў каго-н. або прысвоіць што-н. [Гарлахвацкі:] Харошая дзяўчына гэта Верачка. [Чарнавус:] Слаўная дзяўчына. Я проста рад, што маю такую памочніцу. [Гарлахвацкі:] Глядзіце, Аляксандр Пятровіч, не закахайцеся. А то вы – цаца-цаца, ды ў кішэнь. [Чарнавус:] Што вы, баценька! Куды мне, старому! (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім). – Насовіч, с. 179: Цаца-цаца, ды ў кішэнь; Янкоўскі, с. 104: Цаца, цаца – дый за пазуху (ды ў кішэнь); Прыказкі, кн. 2, с. 370: Цаца, цаца – ды ў кішэню
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
3 👁
 ◀  / 696  ▶