Õбачыш, што я... – Хто ў боб, хто ў гарох, а ты, як кажуць, у сачыўку. Я пра другое кажу (В. Адамчык. Год нулявы). – Янкоўскі, с. 285: Хто ў боб, хто ў гарох; Выслоўі, с. 123: Хто ў боб, хто ў гарох; Хто ў боб, хто ў гарох, а хто ў саладуху. Хто ў жыцці спазнаў рай, той памрэ ў пекле. Пра супрацьпастаўленне зямнога жыцця багатых людзей і іх замагільнага свету. Кажуць, хто ў жыцці спазнаў рай, той памрэ ў пекле. Калі быў рай у Івана Мацюка, то хіба да нараджэння, ва ўлонні маці, бо ўсё астатняе жыццё гаравалася ў чорнай агорклай бядоце (В. Адамчык. Бронекамізэлька № 36). Хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар. Гаворыцца як апраўданне крадзяжу ў лесе. Амаль не кожны дзень думкі Андрэя вярцеліся каля гэтага дубка... Праўда, у лесе красці не грэх. Гэта не тое, што залезці да чалавека ў хату. І хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар (Я. Колас. Малады дубок). – Не столькі тае пажывы, як абняславіш сябе, калі зловяць; ды заплаціць прыйдзецца. – У лесе – гэта не ганьба. Не дурны чалавек выдумаў: хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар (К. Крапіва. Мядзведзічы). Няўжо бацька не адважыцца пайсці ў лес ды зваліць на дранку якую хвою? Сам жа навучаў Рыгора – хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар (М. Ваданосаў. Суседзі). Падняліся дзеці – стала лягчэй. Будаваўся, лесу свайго не меў, падчас прыкупліваў, падчас і асадніцкі сек; вядома, хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар (В. Адамчык. Свой чалавек). * Наракаючы на каго-небудзь з мужыкоў, [ляснік] любіў ужываць прыказку: і ты добра знаеш, і я ведаю: «Хто ў панскім лесе не злодзей, той дома не гаспадар» (А. Пальчэўскі. Сцежкі). – Прыказкі, кн. 1, с. 190: Хто ў лесе не злодзей, у доме не хазяін; Хто ў лесе не ўкраў, той дома не гаспадар. Хто хлеб з сабой носіць, той есці не просіць. Гаворыцца з адабрэннем пра таго, хто, адпраўляючыся куды-н., бярэ з сабой харчовыя ці іншыя запасы. Мяне агортвае думка: добра, што паслухаўся мамы і ўзяў усю нарыхтаваную торбу харчоў: бохан хлеба, кавалак сала, слоік масла ды коржыкаў з куплёнай мукі... Я не хацеў столькі браць, але мама настаяла: – Бяры, сынок, усё бяры. Там як знойдзеш... З капейкі будзеш жыць... Нам нічога купляць тут не трэба, а табе ўсё купі за грошы, а іх не скора яшчэ палучыш... А хто хлеб носіць, той есці не просіць (А. Пальчэўскі. За парогам). [Нюра:] Вазьміце на дарогу бутэльку малака і акраец хлеба. [Сабіна:] Дзякуй. Не трэба. [Плаксун:] Бярыце, бярыце. У
5 👁