Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÕХто рана ўстае, таму і бог дае. Хто рана ўстае, таму шанцуе, той многа зробіць. Хто рана ўстае, таму бог дае. Бачыце ж, колькі сёння работы зрабілі... (П. Місько. Хлопцы, чые вы будзеце...). – Ну і работнікі, ні сну ім няма, ні ўпынку. Такая рань, а яны ўжо на нагах, працуюць... – Хто рана ўстае, таму і бог дае... (Б. Сачанка. Варэйка золата). З матчыным малаком ён [Мікалай Мацвеевіч] успрымаў мудрасць старога свету: «Хто рана ўстае, таму бог дае» (У. Мяжэвіч. Разам з людзьмі). – Хто рана ўстае, таму пан Бог дае, – сказала Рагнеда, як толькі расплюшчыла вочы. – А мы гультаі, дзявятая гадзіна пачынаецца (У. Дамашэвіч. Месяц у Раі...). Мішка, пад уздзеяннем выпітага з Мікалаем, хацеў пажартаваць, нешта накшталт: хто рана ўстае, таму бог дае, але Кот раптам часта пакрыўджана заміргаў, абурыўся... (У. Саламаха. Расступіся, зямля). * У куце, на пачэсным месцы, пераходны чырвоны сцяг. Усё так, як у перадавіка. Толькі на адной сцяне самаробны плакацік: «Хто рана ўстае, таму і калгас дае» (А. Макаёнак. Не пакінеш мяне). – Федароўскі, с. 258, 322: Хто рана ўстае, таму бог дае; Прыказкі, кн. 1, с. 174: Хто рана ўстае, таму бог дае. Хто робіць, той і мае. Гл. Хто дбае, той і мае. Хто рыбу вудзіць, той гаспадаром не будзець. Гаворыцца непахвальна пра таго, хто захапляецца рыбнай лоўляй на шкоду асноўнаму занятку. Сін.: Хто палюе і рыбачыць, той хлеба не бачыць. – Штосьці з рыбай слабавата, – гаварыў Зміцер. – Я дык і не наеўся ні разу... – Хто рыбу вудзіць, той гаспадаром не будзець (А. Кажадуб. Па Бярозе-рацэ). А тут яшчэ завялася рыба, залаты карась, ды ў такой колькасці, што рыбакі-небаракі зусім згубілі галаву. Пра іх так і гавораць: хто вудзіць, той гаспадаром не будзець (А. Кажадуб. Ляцяць качкі). – Прыказкі, кн. 1, с. 151: Хто рыбу вудзіць, той гаспадаром не будзець. Хто сее (арэ), хто барануе, Бог усіх параўнуе. Перад Богам усе роўныя, усе ў Божых руках. Корсак злавіў гэты зірк [Чабоцькі], дагадаўся, што ён значыць – дадому няма Змітрыка: глядзі, можа, вырваўся з адной зашмары ды ўляцеў у другую... – Хто сее, хто барануе, Бог усіх параўнуе. Можа, і так, – Язапат зламысла выцер аб аблеглую.. траву наліплы да ног пясок і пайшоў... (В. Адамчык. І скажа той, хто народзіцца). – Насовіч, с. 177: Хто пашаць, хто барануець, усіх Бог параўнуець; Янкоўскі, с. 53: Хто арэ, хто барануе – усіх Бог параўнуе
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
7 👁
 ◀  / 696  ▶