Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÕХто парася (парасё) украў, у таго ў вушах (увушшу) пішчыць. Той, хто правінаваціўся ў чым-н., сам міжвольна выдае сябе сваімі паводзінамі. Сін.: На злодзеі шапка гарыць. Лабановіч узяў білет, акінуў вокам станцыю. Нічога небяспечнага ні тут, ні на пероне ён не заўважыў. Але прыказка гаворыць: хто ўкраў парася, у таго ў вушах пішчыць (Я. Колас. На ростанях). [Цёця Каця:] Якая ж тут злосць, таварыш Зёлкіна. Я ж праўду кажу: вы сакратар, а ён дырэктар, дык як жа вы без яго можаце абысціся альбо ён без вас? [Зіначка:] Ладна, ладна, яхідная жанчына, я вам гэта прыпомню! [Цёця Каця, адна:] Хто парасё ўкраў, у таго ў вушах пішчыць. Я і не думала ёй шпільку падпускаць (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім). Хто баіцца, той сам сабе прысуд дае... Ведаеце, дзядзька, як кажуць: хто парася ўкраў, у таго ўвушшу пішчыць (М. Зарэцкі. Вязьмо). Івану здавалася, што кожны сустрэчны глядзіць на яго кароткія рукавы і штаны. Тады падумалася: «Як у прымаўцы: хто ўкраў парася, у таго ў вушах пішчыць» (І. Новікаў. Да світання блізка). «А што, калі гэтая запіска – вынік раскрыцця маёй таямніцы, – раптам падумаў Сяргей Сяргеевіч. – Недарэмна ж кажуць: хто парася ўкраў, у таго ў вушах пішчыць (І. Сіняўскі. Тры навелы). * [Шчырэцкі:] О божа! чы я гэтага ад маёй дачкі спадзяваўся? [Навум:] Вот табе на! Хто парася ўкраў, а каму ў вушах пішчыць... Нічога, нічога, пане куме! Хоць яна з панам трошкі і пагаманіла, ды мы ж тут былі блізка (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). – Насовіч, с. 177: Хто парася ўкраў, у таго і ў вушах пішчыць; Прыказкі, кн. 2, с. 372: Хто парася ўкраў, у таго ў вушах пішчыць (вішчыць). Хто пасее вецер, той пажне буру. Гл. Хто сее (пасее) вецер, той пажне буру. Хто па ядзе (пад'еўшы) не аддыша, таго бог за свінню запіша. Пасля яды абавязкова трэба адпачыць, зрабіць аддышку. Развязалі торбу, з'елі па куску сала з хлебам і прылеглі, каб «сала завязалася», прытрымліваючыся старой пагудкі: «Хто па ядзе не аддыша, таго бог за свінню запіша» (Я. Колас. Хвароба). Нарэшце яны [госці] паснедалі, наеліся да колак у жыватах і, паружавелыя, размораныя, вялыя, нібы зрабілі нейкую цяжкую работу, селі адпачыць. – Хто пад'еўшы не аддыша, таго бог за свінню запіша, – заўважыў на гэта дзед (М. Капыловіч. Былі б рукі). – Федароўскі, с. 4: Хто пад'еўшы не аддыша, таго бог за свінню запіша
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зелі, падеўшы
12 👁
 ◀  / 696  ▶