Õ* [Юлія:] Надарма мая трывога, – можа ён мне быць падмогай. Кінем гідасць сваю вон, ды спытаем, што за ён. [Навум:] Добра прыгаворка кажа: скора едзе той, хто мажа (В. Дунін-Марцінкевіч. Сялянка). Эх, мілы мой ты! За панамі няма прадыху. Хто з грашамі і мажа збоку, – той і едзе, так вось і робіцца, суседзе (Я. Колас. Новая зямля). – Ляцкі, с. 55: Хто мажа, той едзе; Прыказкі, кн. 1, с. 346: Хто мажа, той едзе; Хто шмаруе, той і едзе. Хто матку забывае, таго Бог карае. Пра нікчэмнасць існавання і незайздросны лёс таго, хто забывае сваю маці, усё роднае, Бацькаўшчыну. Моцна стойце на родным грунце! Любіце бацькаўшчыну сваю ўсёю душою, усім сэрцам сваім, бо хто матку забывае, таго Бог карае (Я. Лёсік. «Вольная Беларусь»). Хто меч падняў, і згіне ад мяча. Гл. Падняўшы меч, ад мяча і згіне. Хто на малога дубца шкадуе, той на сябе пятлю гатуе. Гаворыцца як сцвярджэнне пра неабходнасць строгага выхавання бацькамі сваіх малых дзяцей. [Куліна:] Хто цябе вучыў пад ногі дабро кідаць? Я? Бацька? [Бярэ дубец.] Колькі разоў казала: кідай у карыта. У карыта!.. [Вася (не дае біць Змітрака):] Цётка Куліна... [Куліна:] Хто на малога дубца шкадуе, той на сябе пятлю гатуе (У. Сауліч. Халімон камандуе парадам). – Федароўскі, с. 91: Хто на дзеці дубца шкадуе, то на сябе вяроўку гатуе. Хто на чым сядзіць, той таго і глядзіць. Чалавек, звязаны з якой-н. справай, павінен належным чынам ставіцца да яе. Гэта ўжо, замарыўшыся, Аксён зазваніў раптам ва ўсе званы, а тады апраўдаў сябе: – Ліха табе... Хто на чым сядзіць, той таго і глядзіць!.. Забыўся гэта... (В. Каваль. Сяльчане). * А вось папробуй на цікавасць стрымай службовую рухавасць, служы спусціўшы рукавы і выкінь службу з галавы, – такія ў лесе выйдуць справы – пажар, парубкі і патравы – не адкараскацца ад ліха. А хочаш ты, каб было ціха, на чым сядзіш, таго глядзі ты! (Я. Колас. Новая зямля). – Насовіч, с. 177: Хто на чым сядзіць, той таго і глядзіць; Федароўскі, с. 274: На чом хто сядзіць, няхай таго і глядзіць. Хто не бачыў новага, той і старому рады. Кажуць іранічна пра таго, хто не імкнецца да новага, трымаючыся за старое, прывычнае. Яго, беларуса, цягнуць наперад, у лепшае і заможнае жыццё, а ён, як толькі можа, упіраецца седалам і нагамі, не жада
12 👁