Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
ÕХто з богам, з тым і бог. Сумленнаму, добраму чалавеку шчасціць, шанцуе. Інакшая ж Сака доля, – гараваў, дзеткі, як змог. Дзейся, кажа, божа воля! А хто з богам, з тым і бог... І скора забагацелі, з іх усяк; і дзетачкі загудзелі, – забыў гора добры Сак! (В. Дунін-Марцінкевіч. Быліцы, расказы Навума). – Аксамітаў, с. 234: Хто з богам, то і бог з тым. Хто зявае, той ваду сярбае (хлябае). Гаворыцца з неадабрэннем пра чыю-н. някемлівасць, няспрытнасць, што вядзе да адмоўных вынікаў у жыцці. Вот у цябе што ў хаце? Крэслы абшарпаныя. На сценах пустэча. А ў мяне... Ты быў у мяне? То-та ж... Трэба ўмець жыць. Хто зявае, той ваду сярбае (І. Макаловіч. Версія капітана Барташа). Хто зявае, той ваду хлябае. А я хачу скібку на два бакі мазаную (П.Місько. Пагаварылі). – Прыказкі, кн. 1, с. 174: Хто зявае, той ваду сярбае; Хто зявае, той юшку хлябае. Хто каго любіць, той таго і чубіць. Кажуць пра ўзаемаадносіны паміж тымі, хто неабыякавы адзін да аднаго. – У пана Лабановіча і ёсць гэты асаблівы талент, – прамовіла Ядвіся. – Што гэта, паночку, яна да вас прычапілася? – спытаў пан падлоўчы. – Не ведаю, – адказаў Лабановіч. – На свеце, пане-суседзе, бывае так, што хто каго любіць, той таго і чубіць. – Ха-ха-ха! – засмяяўся пан падлоўчы. – Што, Ядвіся, дастала? (Я. Колас. На ростанях). – Хоць мы і лаемся калі-небудзь, але пагаворка кажа: хто каго любіць, той таго і чубіць, – і Адам засмяяўся (І. Сіняўскі. Дарога на Замлынне). Ладна, тата, не перажывайце. Усё добра будзе. Ну, пагарачыліся трошкі, паспрачаліся... Такой бяды! З кім не бывае? Хто каго любіць, той таго і чубіць... (М. Гіль. Развод). Мы чулі, што ты часам канфліктуеш з Нетрай... Нядобра гэта ўвогуле. Але нішто, уладкуецца, калі ўсё ідзе, як у той прыказцы: хто каго любіць, той таго і чубіць (М. Ткачоў. Пошукі скарбаў). – Насовіч, с. 176: Хто каго любіць, той таго й чубіць; Прыказкі, кн. 2, с. 50: Хто каго любіць, той таго і чубіць. Хто капейкі не беражэ, таго рубель баіцца. Гаворыцца з неадабрэннем пра чыю-н. неашчаднасць. Хіба ў яго [бацькі] было б такое багацце, каб ён растыкаў усё, што плыве яму ў рукі? Хто капейкі не беражэ, таго рубель баіцца (М. Лобан. На парозе будучыні). – Прыказкі, кн. 2, с. 336: Хто капейкі не беражэ, той сам рубля не варт. Хто коней мяняе, у таго хамут гуляе. Кажуць з асуджэннем пра таго, хто любіць перабіраць, мяняць каго-н. ці што-н
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.
10 👁
 ◀  / 696  ▶