Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Õ– Прыказкі, кн. 2, с. 361: Хто гуляе змоладу, той памрэ з голаду; Санько, с. 14: Хто гуляе змоладу, той памрэ з голаду. Хто дбае, той і мае. Сін.: Хто гняздо ўе, у таго і ўецца. Хто дбае, той і мае, – кажа старая прыказка. У дачыненні да мовы яна захавала свой сэнс у поўнай меры (М. Лужанін. Мова ў газеце). – Ого! – багата жывяце! – Хто дбае, той і мае (І. Гурскі. Вецер веку). [Федзя:] Жыві, як сплануеш. Хто дбае, той і мае (І. Козел. Над хвалямі Серабранкі). Такі закон: хто дбае – той і мае (Э. Валасевіч. Хто дбае – той і мае). Хто дбае, той і мае. А хто мае, той не займае (В. Рагаўцоў. Імгненні). Хто робіць, той і мае. – Дзесяць [мяшкоў зерня], – адказала дачка, расчэсваючы валасы. – Гэта першая рата. – Першая? Гм. Хто робіць, той і мае (К. Чорны. «Святая» папружка). * [Вятрак] не меў, быў час такі, вольнай ні хвілінкі. Ціш табе не снілася, глушыня нямая. Прыказка дражнілася: той, хто круціць, мае! (Р. Барадулін. Радкі пад руку ветраку). – Прыказкі, кн. 1, с. 185: Хто дбае, той і мае. Хто добры пастух, той і гаспадар добры. Ужываецца як сцвярджэнне, што па добрым стаўленні гаспадара да пастухоўства можна беспамылкова меркаваць і пра самога гаспадара. Дзясяткі прыказак, прымавак прыдумаў народ пра сваю карміцельку. Варта згадаць асобныя з іх. Хто добры пастух, той і гаспадар добры. Не карміў карову буракамі, не пашлеш за быкамі. Летні дождж – на сена гной, а на карову – лой. Не галодная кароўка, калі пад носам саломка. Увосень давай карове, што есць, а ўвесну, што ёсць (В. Шырко. Вунь чурылавец пайшоў). – Федароўскі, с. 223: Хто добры пастух, той гаспадар добры. Хто дужшы, той прутшы. Перамагае ў якой-н. справе дужэйшы, спрытнейшы. Сін.: Кабыла з воўкам цягалася, хвост ды грыва асталася. [Вінцэнтаў сын] гаварыў і пра нейкае парабкоўства ў кагосьці з калгасаўцаў, і пра нейкую паншчыну, якая некім робіцца. Старэйшы брат усміхаўся з гэтага, але нарэшце дадаваў сваю думку пра гэта ўсё: – Хто дужшы, той прутшы (К. Чорны. Лявон Бушмар). – У вас адабралі зямлю? І вы з гэтым змірыліся? – Адным сэрцам свету не запаліш. Хто дужшы, той прутшы (І. Гурскі. Вецер веку). – Насовіч, с. 176: Хто дужэй, той пружэй; Прыказкі, кн. 1, с. 353: Хто дужшы, той лепшы. Хто заб'е бабра, не будзе мець дабра. Гл. Калі заб'еш бабра, то не будзе дабра
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

забе, забеш
8 👁
 ◀  / 696  ▶