Õ– Насовіч, с. 175: Хто б дзятла знаў, калі б не яго доўгі нос; Прыказкі, кн. 2, с. 375: Хто б аб дзятле ведаў, каб не яго доўгі нос; Чорт бы дзятла знаў, калі б не яго доўгі нос; Хто пазнаў бы дзятла, каб не доўгі нос. Хто бліжэй да міскі, той і чэрпае. Хто лоўкі, хітры або знаходзіцца ў лепшых прыродных, тэрытарыяльных і пад. адносінах, той і карыстаецца пэўнымі выгодамі, перавагай над іншымі. На рабоце, каб толькі дзень да вечара. Такія не лянуюцца чужога абеду дачакацца. А шмат і такіх: хто бліжэй да міскі, той і чэрпае. Канешне, ад такой трасцы за адзін дзень не пазбавішся (В. Гроднікаў. Непаднятая цаліна). [Размова па тэлефоне:] Ім добра гаварыць, таварыш Варонін, калі ў іх станцыя пад бокам! Хто бліжэй да міскі, той і чэрпае. А табе... Што? Ды хто з вамі тыкаецца? Гэта я сам сабе... (Я. Брыль. Апошняя сустрэча). – Янкоўскі, с. 237: Хто бліжэй да міскі, той і чэрпае. Хто глядзіць вокам, той не пойдзе бокам. Уважлівы, назіральны чалавек ні ў чым не заблытаецца. [Пан:] Бачу я, знаходлівы ты, хлоп. Спрытны. Ёсць у цябе розум. [Несцерка:] Хто глядзіць вокам, той не пойдзе бокам (В. Вольскі. Несцерка). Ды вось выдаткаў не абярэшся... Прыйдзецца ўжо ў тым-сім адмаўляць сабе... Хто глядзіць вокам, той не пойдзе бокам (З. Бандарына. Ой, рана на Івана). – Прыказкі, кн. 2, с. 324: Хто глядзіць вокам, той не пойдзе бокам. Хто гняздо ўе, у таго і ўецца. Хто стараецца ўладкаваць сваё жыццё, таму і ўдаецца гэта. Сін.: Хто дбае, той і мае. [Андрэй:] А ўчора іду, чую, за хатай бацька з маці размаўляюць. Я прыслухаўся. Трэба жаніць, кажа бацька, цяпер не той час, аддзяляць, хату з вясны пабудуем, каня дам. На свае ногі, цяпер і зямлі больш дадуць, бо асобная гаспадарка. І маці згодна. [Верка, весела:] Ой, Андрэечка... [Андрэй:] Хто гняздо ўе, у таго і ўецца (У. Бутрамееў. Страсці па Аўдзею). Хто гуляе змоладу, той памрэ з голаду. Кажуць з неадабрэннем пра таго ці таму, хто ў маладыя гады больш гуляе, чым займаецца якой-н. карыснай справай. У пакоі [інтэрната] – гармідар. Адзін муху душыць на баку, другі бульбу лупіць на вячэру, двое ў падкіднога рэжуцца. А карты – не жарты. «Няважна адпачываеце, чарцякі, – гавару ім, – хто гуляе змоладу, той памрэ з голаду» (Полымя
8 👁