Тлумачальны слоўнік прыказак (2011). І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч

 ◀  / 696  ▶ 
Õ(І. Гурскі. Лясныя салдаты). Пашка, мабыць, здагадваецца па няласкавым твары цёткі Саветы і па загадкавай усмешцы дзядзькі Нічыпара пра іх размовы. Што ж, няхай завуць хоць гаршком, абы ў печ не ставілі (У. Паўлаў. Спелыя травы). Божа мой! Пра што я думаю? Пра мянушкі. Ды няхай хоць гаршком назавуць, абы ў печ не ставілі (І. Шамякін. Палеская мадонна). * – Ты мяне хоць гаршком называй, але ў агонь не стаў. – Баішся агню? – задзірыста і бадай з'едліва пажартаваў камандзір (І. Шамякін. Гандлярка і паэт). – О, як добра гучыць – Мікола! Я і буду вас Міколам зваць. – Хоць гаршком, абы не ў печ... (П. Місько. Градабой). З тае пары Гапей і пачаў называць Аксінню гарэзай. «Хоць і гаршком, абы ў печ не паставіў», – дражнілася яна (М. Гроднеў. Нязведаная даль). У рэшце рэшт, хіба ў прозвішчы справа?! Называйся хоць гаршком, абы ў печ не сунулі... (В. Блакіт. Усмешка Фартуны). – Раманаў, с. 513: Хоць гаршком назаві, толькі ў печ не станаві; Прыказкі, кн. 2, с. 188: Хоць гаршком назаві, толькі ў печ не станаві. Хоць горшае, абы іншае. Звычайна кажуць з неадабрэннем, калі хто-н., грэбліва ставячыся да свайго, прывычнага, аддае перавагу іншаму, горшаму. Успомнілася, пасля тых «клопатаў па гаспадарцы» і «клопатаў па дачы», знаёмая і незабыўная прыказка: хоць горшае, абы іншае... Ці добра, ці трэба: «патрэбна... па гаспадарцы», «работа па гаспадарцы», «клопаты па дачы» (Ф. Янкоўскі. Гаваркое, неасцярожнае, «нятое»...). – Прыказкі, кн. 2, с. 276: Хоць горшае, абы іншае. Хоць еш крапіву і салому, але пры дому. Дома, у прывычных абставінах жыць лягчэй, чым дзе-н. у іншых умовах. Сін.: Дома і салома ядома. Я – адзін... Дзеці далёка. Хоць еш крапіву і салому, але пры дому (Звязда. 2002, 23 кастр.). – Прыказкі, кн. 1, с. 288: Хоць еш крапіву ды салому, але пры дому. Хоць за вала, абы дома не была. Говорыцца як насмешка з дзяўчыны, якая з-за пэўнах прычын гатова пайсці замуж абы за каго. Седзячы побач, ён думаў зусім другое: «Яна не кахае мяне, ёй цяпер хоць за вала, абы дома не была, абы схаваць свой дзявочы сорам» (Б. Сачанка. Дзік-бадзяга). – Прыказкі, кн. 2, с. 20: Хоць за вала, абы дома не была. Хоць і відаць, але далёка дыбаць. Гл. Блізка відаць, ды далёка дыбаць
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знак націску, каб слова лепш знаходзілася праз пошук.

Дадатковыя словы

зедліва
8 👁
 ◀  / 696  ▶